У Менску з акна пятага паверху выкінулі сабаку. Гаспадара чакае крымінальная адказнасць


У мінулую суботу ў Менску з акна пятага паверху шматпавярховіку па вуліцы Скрыпнікава выкінулі сабаку, паведамляе TUT.BY.Сабака загінуў, а міліцыя для затрымання меркаванага вінаватага выклікала пажарную машыну, каб па лесвіцы падняцца на пяты паверх і трапіць у кватэру праз акно.

Паводле крыніцы выдання, відавочцаў здарэння было шмат, яны ж і выклікалі міліцыю. Аднак у кватэры, з якой выкінулі пса, дзверы не адчынялі. Тады праваахоўнікі выклікалі МНС, каб па пажарнай лесвіцы патрапіць у патрэбную кватэру на пятым паверсе, распавёў сведка. Суседзі характарызуюць сямʼю як недабранадзейную.

У кватэры было трое чалавек – жанчына гадоў 50 і двое маладых мужчын, усе нецвярозыя, пазней паведаміў тэлеканал АНТ. Суседзі распавялі, што да сабакі гаспадары ставіліся не вельмі добра. Адна суседка нават хацела забраць сабаку сабе, аднак у апошні момант перадумала.

«Мужчына, які выкінуў сабаку з акна, затрыманы. Праводзіцца разбіральніцтва для ўстанаўлення прычын таго, што адбылося, а таксама прыцягнення яго да адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі, згодна з артыкулам 339-1 Крымінальнага кодэксу», – заявіла афіцыйны прадстаўнік Фрунзенскага РУУС Наталля Аскіра.

За жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі прадугледжана адміністратыўная адказнасць па арт. 15.45 КоАП і крымінальная па арт. 339-1 КК (аж да 1 года пазбаўлення волі). У мінулым годзе суды разгледзелі 131 справу аб адміністратыўным правапарушэнні. У выніку 71 чалавек атрымаў штраф, а яшчэ 6 – арышт. У гэтым годзе суды разгледзелі 48 адміністрацыйных спраў. Разам – 23 чалавекі атрымалі штрафы, яшчэ адзін – арышт. Да крымінальнай адказнасці ў 2016 годзе прыцягнулі 8 чалавек, у гэтым годзе – аднаго.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў