У Менску вызвалілі яшчэ аднаго фігуранта «справы антыфашыстаў»


Філіп Іваноў выйшаў з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

«Чарговыя добрыя навіны: на волю пад падпіску аб нявыездзе выйшаў Філіп Іваноў. Але за кратамі застаюцца два нашых паплечніка. Спадзяемся, мы хутка ўбачым таксама і іх на волі», – напісалі актывісты ў суполцы «Наша справа».

Яшчэ аднаго фігуранта крымінальнай справы Змітра Цэхановіча вызвалілі з СІЗА на мінулым тыдні. За кратамі цяпер Ілля Валавік і Вадзім Бойка – яны знаходзяцца пад вартай ужо 4 месяца.

Падставай для крымінальнага пераследу антыфашыстаў стала бойка ў тралейбусе 29 чэрвеня 2014 году на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава ў Менску. Тады невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе. У выніку завялі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».

У бойцы ўдзельнічалі прадстаўнікі дзвюх фанацкіх груповак, якія ўмоўна лічацца ўльтраправымі і антыфашыстамі. Улетку 2014 году затрымалі 5 асобаў, якія падазраваліся ў прычыненні матэрыяльнай шкоды «Менсктрансу», аднак хутка ўсіх іх адпусцілі. Амаль праз два гады ў справе з’явіўся пацярпелы (які сам быў затрыманы за наркотыкі), на падставе заявы якога Бойку і Валавіку прад’явілі абвінавачанне па частцы 3 артыкула 339 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Пазней арыштавалі Цэхановіча і Іванова.

16 жніўня на форуме «Свабоду палітзняволеным» у Менску шэраг грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычных партыяў прызналі Валавіка, Бойку, Іванова і Цэхановіча палітвязнямі.

Між тым праваабарончая супольнасць Беларусі пакуль ня бачыць падстаў, каб называць «справу антыфашыстаў» палітычнай.

ДР belsat.eu паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары