У Менску выставяць на ўшанаванне парэшткі архіепіскапа Крымскага


У беларускую сталіцу з Барысава даставяць каўчэг з часцінкай мошчаў свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага, архіепіскапа Сімферопальскага і Крымскага.

Архіепіскап Лука – лекар-хірург і вядомы навуковец. За сваё жыццё (1877-1961 гады) выратаваў шмат цяжка хворых. Атрымаўшы дыплом з адзнакай, працаваў на пасадзе «мужыцкага лекара» – земскага доктара. Часам, не маючы пад рукой інструментаў, выкарыстоўваў сцізорык, гусінае пяро, слясарныя шчыпцы, а замест нітак – жаночыя валасы. На абразах свяціцель Лука намаляваны з хірургічнымі інструментамі ў руках. Ён выступіў аўтарам шматлікіх навуковых працаў і 12 тамоў казанняў.

Свяціцель Лука паходзіў з беларускага шляхецкага роду Война-Ясянецкіх. Ягоны бацька быў каталіком, а дзед трымаў млын у Сенненскім павеце. Маці выгадавала сына ў праваслаўнай веры, але, кажучы пра пачуццё рэлігійнасці, архіепіскап Лука адзначаў, што атрымаў яе ў спадчыну ад бацькі.

Архіепіскап Лука стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў і правёў агулам у ссылцы каля 11 гадоў. У 1944 годзе за дасягненні ў галіне медыцыны яго ўзнагародзілі Сталінскай прэміяй першай ступені.

[vc_single_image image=”346789″ img_size=”large”]

У Барысаў каўчэг з часцінкай мошчаў свяціцеля Лукі прыбыў 18 верасня, куды яго прывезлі з Сімферопалю. У Менску доступ вернікаў да рэліквіі будзе арганізаваны ў Доме міласэрнасці штодня з 8:00 да 22:00 з 29 верасня да 14 кастрычніка ўключна.

Паводле слоў настаяцеля менскага праваслаўнага прыходу ў гонар Усіх Святых протаіерэя Фёдара Поўнага, «гэтая акцыя не проста магчымасць паломніцтва да мошчаў». «Для нас важна, каб людзі ўбачылі і дакрануліся да разумення крыжовага подзвігу і вобраза амаль нашага сучасніка», – заявіў святар журналістам.

Пры гэтым ён адзначыў: «Мы ўлічылі вопыт ранейшых масавых мерапрыемстваў, калі быў каўчэг з Дарамі вешчуноў і каўчэг з часцінкай мошчаў святога апостала Андрэя Першазваннага, і паспрабавалі мінімізаваць верагоднасць працяглага стаяння людзей у чарзе».

У сувязі з прыбыццём святыні і чаканым наплывам паломнікаў з 16:00 28 верасня да 14 кастрычніка тэрыторыя каля Дому міласэрнасці (вул. Тураўскага, а таксама адрэзак ад вул. Скарыны да пр. Незалежнасці) будзе закрытая для руху і паркавання аўтаў, паведаміла сталічная ДАІ.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў