Вынеслі прысуд выдаўцу Беларускага Экзархату. Яго вінавацілі ў махінацыях на сотні тысячаў долараў


Завадскі раёны суд сталіцы прызнаў былога першага намесніка дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзіміра Грозава ў махлярстве, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў, і пакараў яго 7 гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пасля абвяшчэння прысуду Уладзімір Грозаў перахрысціўся.

Праваслаўны выдаўца віну не прызнаў. Сваякі Грозава таксама настойваюць на яго невінаватасці, але гутарыць са СМІ яны адмовіліся.

Уладзімір Грозаў. Фота – belsat.eu

Суддзя зачытаў толькі выніковую частку прысуду, у якой не фігуравала сума шкоды, нанесеная супрацьпраўнай дзейнасцю Грозава. Між тым, цягам развіцця справы гэтыя лічбы істотна змяняліся: да суду праваахоўнікі казалі пра некалькі мільёнаў долараў шкоды, але потым сума зменьшылася да некалькіх сотняў тысяч.

  • Уладзімір Грозаў быў затрыманы ў Расеі яшчэ ў снежні 2016 года і толькі ў жніўні 2017 года яго экстрадавалі ў Менск. Справа была перададзена ў суд сёлета ў траўні. Спачатку заяўлялася, што «абвінавачаны з 1 верасня 2010 года па 17 кастрычніка 2014 гады з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў завалодаў грашовымі сродкамі выдавецтва на 1,2 млн рублёў» (каля 600 тыс. долараў). Акрамя таго, ён унёс аб’екты сядзібна-паркавага комплексу другой паловы XVIII стагоддзя ў в. Сёмкава Менскага раёну ў статутны фонд ТАА «СЕО», дзе сам зʼяўляўся заснавальнікам і фактычным кіраўніком. Пры гэтым да ТАА «СЕО» перайшло і права пастаяннага карыстання зямельнымі ўчасткамі плошчай 37,8408 га, на якіх размяшчаўся сядзібна-паркавы комплекс. Сума нанесенай дзяржаве шкоды склала 3,8 млн рублёў (каля 1,9 млн. долараў), сцвярджалі ў пракуратуры. Акрамя таго, следчыя лічаць, што выдавец увозіў з Нямеччыны ў Беларусь машыны і іншыя тавары ў адрас выдавецтва і БНПА, сумарна ўхіліўшыся ад выплаты 212,6 тыс. рублёў мытных плацяжоў.
  • Ініцыятарам крымінальнага пераследу Уладзіміра Грозава была БПЦ – мітрапаліт Павел асабіста падпісаў хадайніцтва аб распачынанні справы ў дачыненні да выдаўца. Але потым царква адмовілася ад прэтэнзіяў у адрас Грозава і адклікала іск на $ 750 тыс. Мітрапаліт Павел быў выкліканы ў судовае паседжанне ў якасці сведкі і прызнаўся, што цяпер ацэньвае дзейнасць падсуднага інакш і заклікаў яго вызваліць.
  • Першапачаткова Грозву прадʼяўлена абвінавачванне ў крадзяжы, ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Ужо падчас працэсу абвінавачванне ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры змянілі на махлярства ў асабліва буйным памеры. У 6 разоў былі зменьшаны і памеры шкоды. Пракуратура патрабавала для Грозава 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
  • 58-гадовы Уладзімір Грозаў 16 гадоў прапрацаваў у царкоўных установах. Таксама ён займаў пасаду старшыні рады грамадскага аб’яднання «Бацькі і настаўнікі – за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» (БНПА). Да царквы Грозаў працаваў у сілавых структурах.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў