У Менску ўзнагародзілі пераможцаў міжнароднага журналісцкага конкурсу «Беларусь у Фокусе–2015»


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=34O94Qr1myA&feature=youtu.be”][vc_column_text]71 праца амаль як 60-ці аўтараў з 16-ці краінаў свету – пра Беларусь. Сёлета журналістаў, што даслалі артыкулы на конкурс, узнагароджваюць ужо пяты раз.

У адрозненне ад папярэдніх конкурсаў, найбольшую колькасць журналісцкіх матэрыялаў пра нашую краіну, што трапілі ў замежныя медыі, даслалі аўтары з Расеі, Украіны і самой Беларусі. Упершыню ўзнагарода пераможцаў «Беларусь у фокусе» праходзіла ў Менску.

ЮЛІЯ СЛУЦКАЯ, КІРАЎНІЦА «ПРЭС-КЛУБУ БЕЛАРУСЬ», АРГАНІЗАТАРКА КОНКУРСУ: «Першы раз, калі мы ладзілі цырымонію ўзнагароды ў 2011 годзе ў Варшаве, мы са сцэны сказалі, што марым аб тым, каб гэтая прэмія праходзіла ў Беларусі. І мы вельмі радыя, што гэта адбылося».

Арганізатары «Беларусь у фокусе» – «Інфармацыйнае бюро салідарнасці з Беларуссю» і «Прэс-клуб Беларусь» – традыцыйна ставяць мэтай заахвочванне журналістаў з усяго свету больш пісаць пра нашую краіну, каб данесці міжнароднай супольнасці палітычную, сацыяльна-эканамічную і культурную сітуацыю ў Беларусі. Асноўным лейтматывам у публікацыях, што дасылаліся на конкурс «Беларусь у фокусе», сталі мінулыя прэзідэнцкія выбары, моладзевыя і культурніцкія ініцыятывы, Нобэлеўская ўзнагарода Святланы Алексіевіч, а таксама 30-ая гадавіна чарнобыльскай катастрофы.

МІХАЛ ПАТОЦКІ, СЯБРА ЖУРЫ, «GAZETA PRAWNA», ПОЛЬШЧА: «Я вельмі рады быў чытаць такія добрыя артыкулы пра Беларусь, пра якую не вельмі часта пішуць, але пра якую трэба пісаць».

Пераможцаў вызначалі ў дзвюх намінацыях – сярод пачаткоўцаў і прафесіяналаў. Журналістка-фрылансэрка Таццяна Дворнікава прысвяціла сваю працу беларускамоўным ініцыятывам. Каб даведацца, якія беларускамоўныя імпрэзы ладзяцца ў краіне з ініцыятывы дзяржавы, Таццяна звярнулася з пытаннямі ў Міністэрства культуры Беларусі.

ТАЦЦЯНА ДВОРНІКАВА, ПЕРАМОЖЦА Ў НАМІНАЦЫІ СЯРОД ПАЧАТКОЎЦАЎ, РАСЕЯ: «Я ім тэлефанавала кожныя два дні, каб нагадаць, што ёсць такі запыт. У выніку прайшоў 31 дзень, але яны мне нічога і не даслалі. А калі дама з Мінкульту паклала слухаўку, думаючы, што яна скончыла размову, яна сказала, што гэта вельмі глабальныя пытанні, на якія Міністэрства культуры Беларусі, на жаль, адказаць не можа».

Сёлета кожны пераможца сярод прафесійных журналістаў атрымае сертыфікат на 500 еўраў на асабістае прафесійнае развіццё. Апрача гэтага, некаторыя журналісты, якія пішуць пра нашую краіну, атрымаюць магчымасць стажавацца ў цэнтральным офісе выдання «Гардыян» у Лондане, а таксама азнаёміцца з працай Еўрапарламенту ў Бруселі.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў