Журналіста Андрэя Шаўлюгу аштрафавалі на 3 базавыя пасля ночы за кратамі


Суд Першамайскага раёну Менска пакараў пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу штрафам у 3 базавыя велічыні (73,5 рублёў) за «непадпарадкаванне міліцыі».

Учора ўдзень акторы студыі Fortinbras пры Беларускім свабодным тэатры зладзілі пэрфоманс ля статуі гарадавога насупраць будынку Міністэрства ўнутраных справаў. Яны стварылі рознакаляровую клумбу ля статуі. Акцыя была прысвечаная правам ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі. Траіх актораў – Надзею Крапівіну, Вольгу Рамашка і Дзмітрыя Яфрэмава затрымалі і адвезлі ў пастарунак.

Разам з імі міліцыянты затрымалі пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН, фатографа Андрэя Шаўлюгу, які выконваў свой прафесійны абавязак, асвятляючы падзею. Усіх затрыманых даставілі ў РУУС Маскоўскага раёна і ноч яны правялі за кратамі.

Раніцай 29 чэрвеня журналісты чакалі пачатку працэсу над калегам у судзе Маскоўскага раёну, аднак бліжэй да абеду стала вядома, што ён адбудзецца ў Першамайскім судзе.

Журналісту інкрымінуюць арт. 23.4 КоАП (непадпарадкаванне міліцыі). Паводле сілавікоў, спачатку Шаўлюга быў затрыманы «для ўстанаўлення асобы», але потым нібыта «адмаўляўся выходзіць з машыны», калі яго даставілі ў РУУС. Сведкам на судзе выступае той жа міліцыянт Весялоўскі, які затрымліваў Шаўлюгу.

Шаўлюга сцвярджае, што фатаграфаваў «дзеля цікаўнасці, але, магчыма, перадаў бы здымкі пазней у рэдакцыю БелаПАН». Віну ў непадпарадкаванні міліцыі журналіст не прызнаў.

Вынікае, што Шаўлюгу затрымалі а 16-й гадзіне, а адпаведны пратакол быў складзены толькі ў 22.15. Гэта значыць, амаль 6 гадзін міліцыянты яму нічога не тлумачылі.

 

КА/ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў