У Менску судзяць за пратэст супраць расейскай авіябазы. Лябедзьку аштрафавалі на 9 млн рублёў


Сёння ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць арганізатараў акцыі супраць расейскай авіябазы ў Беларусі.

Акцыя адбылася 4 кастрычніка. Прысуд аднаму з яе арганізатараў Анатолю Лябедзьку – 50 базавых велічыняў (9 млн рублёў), перадае «Радыё Свабода». Кіраўнік АГП адзначыў, што грошы на штраф будуць збіраць талакой. Сведкамі выступілі міліцыянты.

«Вось міжнародныя назіральнікі – хай пабачаць, што насамрэч адбываецца на выбарах. Іх увесь час падводзяць да прыгожага дому, паказваюць, які ён прыгожы, і вось атрымалася зазірнуць усярэдзіну і ўбачыць, як насамрэч», – пракаментаваў Анатоль Лябедзька.

Вячаслаў Сіўчык, які на думку Суду Цэнтральнага раёну Менску таксама з’яўляецца арганізатарам акцыі супраць авіябазы, на паседжанне не прыйшоў. Яго аштрафавалі на 60 базавых велічыняў (10 млн 800 тыс. рублёў).

Мастака Алеся Марачкіна аштрафавалі на 3,6 млн рублёў (20 базавых велічыняў). У судзе яго не было, рашэнне прымалася завочна.

Актывісту Аляксандру Меху далі штраф у памеры 7 млн 200 тыс. рублёў (40 базавых велічыняў).

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў