Прысуд абвесцяць 1 лістапада а 10:00.
Абноўлена. Пракурор папрасіла для хлопца 2 гады абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі – так званай хатняй хіміі.
Яму толькі 17. Невысокі, хударлявы, акуратны, са стосам граматаў, дыпломаў і падзяк – менавіта гэтак, паводле абвінаваўцаў, мае выглядаць страшны сон айчыннага АМАПу. У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёння распачаўся працэс над Аляксандрам Харутам, які нібыта збіў працаўніка міліцыі.
Амапавец Алег Шарко сцвярджае, што 17-гадовы Аляксандр Харута ўдарыў яго. Прэтэнзіі з боку міліцыянта ўзніклі пасля таго, як падлетак распавёў пра збіццё амапаўцамі і пагрозы сексуальнага гвалту, пачутыя ад праваахоўнікаў.
Аляксандр, якому зрабілася млосна, паспрабаваў падняцца і паваліўся на аднаго з амапаўцаў – Алега Шарка, што і зрабілася падставаю для абвінавачвання хлопца ў нападзе. Другі падлетак праходзіць у працэсе як сведка.
З абвінавачваннем катэгарычна не згодныя не толькі падсудны ды ягоныя сваякі, але і трое сведкаў, якія цвердзяць зусім пра іншы сцэнар злачынства. 18 ліпеня працаўнікі АМАПу затрымалі няпоўнагадовых Аляксандра ды ягонага сябра Мікіту за распіццё гарэлкі. Пры гэтым абодвух жорстка збілі. У аўтазаку да фізічных дадаліся і маральныя катаванні падлеткаў: міліцыянты мачыліся на іх і пагражалі згвалціць.
«Гэта адназначна сведчыць пра тое, што ў беларускім АМАПе працуюць садысты. А вынікі генетычнай экспертызы яшчэ таксама прадугледжваюць, што сярод іх ёсць і сэксуальныя вычварэнцы», – мяркуе Павел Спірын, айчым Аляксандра Харуты.
Падчас працэсу маці абвінавачанага Аляксандра Харуты стала кепска.
Міліцыянт Алег Шарко выступае ў якасці пацярпелага. Кажа, што цяпер ужо беспрацоўны.
У той час як ягоны адвакат патлумачыў, чаму не гаворыць пра пагрозы сексуальнага гвалту.
«Факт таго, што АМАПавец памачыўся на падлетка і пагражаў яго згвалціць, мусіць быць выдзелены ў асобную вытворчасць і разглядацца судом асобна. Сёння я як адвакат не зацікаўлены ў тым, каб агучваць гэта», – заявіў адвакат Мацкевіч.
Міліцыянты збілі 17-гадовага Аляксандра Харуту, а пасля яго самага абвінавацілі ў гвалце.
Сёння справу разглядае суд Цэнтральнага раёну Менску.
Адвакат 17-гадовага Аляксандра Харуты разам з ягонай сям’ёй
Хлопца абвінавачваюць паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў».
18 ліпеня Аляксандра разам з ягонымі няпоўнагадовымі сябрамі затрымалі супрацоўнікі АМАПУ – за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Пры гэтым міліцыянты неправамерна ўжылі фізічную сілу, кажуць падлеткі. Па дарозе ў Цэнтральны РАУС Менску прыгразілі сексуальным гвалтам і памачыліся.
«Калі я прыехаў, калі мяне выклікалі, і пабачыў, у якім ён стане – гэта папросту шок быў! Увесь збіты, вока заплыло. На целе, потым паглядзеў, сляды ад кайданкаў гэткія, што ён прасіў-маліў, каб хаця б аслабілі іх! Дык не ж, іх гэтак трымалі ад моманту затрымання да паловы на дванаццатую ўначы, пакуль я не прыехаў ува УУС. І нават пасля затрымання ў кабінеце яны знаходзіліся ў кайданках!», – узгадаў Міхаіл Мацілайнен.
У часе разгляду справы пракурор запатрабаваў для Аляксандра два гады гэтак званай «хатняй хіміі». У сваю чаргу, незалежна ад выраку, які мае быць агучаны ўжо заўтра, сваякі падсуднага збіраюцца дамагацца яшчэ аднаго працэсу – над міліцыянтамі.
Што праўда, ранейшыя звароты ў інстанцыі плёну не далі: Галоўнае ўпраўленне ўнутраных справаў пры Менгарвыканкаме анічога злачыннага ў дзеяннях амапаўцаў, якія затрымлівалі і катавалі хлопцаў, не знайшло, не зважаючы ані на зафіксаваныя пабоі, ані словы незалежных сведкаў.
Сведкі-міліцыянты
Чытайце таксама >>> Пальчыс: У судзе нават канвой смяяўся над аргументамі абвінаваўцаў
Пацярпелы, прапаршчык Алег Шарко, сцвярджае, што нібыта Аляксандр Харута накінуўся на яго з кулакамі.
Матэрыял будзе абнаўляцца.
НМ, Валерый Руселік, belsat.eu