У Менску судзяць аўтараў «Regnum»


18 снежня ў Менску пачаўся суд над аўтарамі расейскага інфармацыйнага агенцтва «Regnum».

У судзе цытуюць артыкулы, напісаныя абвінавачанымі для сайту «Regnum»

Сяргей Шыптэнка, паводле следства, выконваў працы і аказваў паслугі па асвятленні грамадска-палітычных падзеяў без рэгістрацыі. Атрымліваў грошы ад заказчыкаў асабіста і праз электронныя сродкі пераводаў, у тым ліку на імя родных.

У матэрыялах справы грашовыя пераводы Шыптэнку зафіксаваныя з 2013 года, адзначае прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

«Жесткие последствия мягкой белорусизации», «Вышиваночное безумие», – назвы артыкулаў Шыптэнкі.

У артыкулах гучыць: Радзівілаўская Біблія 1516 года не мае ніякай каштоўнасці для беларусаў, бо выдадзена па-польску і з’яўляецца польскай, слуцкія паясы таксама па-сапраўднаму зʼяўляюцца польскімі, а не беларускімі.

Пракурор адзначыў, што артыкулы Дзмітрыя Алімкіна маглі паўплываць на «узнікненне ў Беларусі канфлікту падобнага на той, які ўзнік ва Ўкраіне».

У артыкулах Алімкіна выказваецца пазітыўнае стаўленне да гістарычных падзеяў, якія ў беларускім грамадстве ўспрымаецца адмоўна. Напрыклад, да згортвання Сталіным палітыкі беларусізацыі«, – гучыць у тэксце абвінавачання.

Юрыю Паўлаўцу інкрымінуюць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у выглядзе збору, падрыхтоўкі і распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў у СМІ без рэгістрацыі, атрыманне прыбытку на рахунак. У абвінавачанні пералічаныя банкаўскія пераводы, якія прыходзілі на рахунак Паўлаўца: долары, беларускія і расейскія рублі.

Таксама Паўлаўцу інкрымінуюць напісанне шэрагу артыкулаў, у якіх псіхолага-лінгвістычная экспертыза знайшла прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці.

Паўлавец у артыкулах падкрэсліваў нецярпімасць беларусаў да рускіх, праявы беларускага нацыяналізму ў падручніках па гісторыі, звальненне настроеных па-прарасейску выкладчыкаў універсітэтаў, транслітарацыю назваў станцый метро менавіта з беларускай мовы.

У чым вінавацяць «рэгнумаўцаў» з Беларусі

Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць у распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы. Паўлаўца і Шыптэнку таксама вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зняволення. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ.

Абвінавачаныя да канца працэсу будуць заставацца пад вартай. Суд адхіліў хадайніцтвы адвакатаў аб змене меры стрымання аўтараў расейскага агенцтва.

Працэс праводзіць суддзя Ігар Любавіцкі – ён вядомы тым, што што праводзіў працэс блогера Эдуарда Пальчыса.

Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар «Regnum» Юрый Баранчык на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі (з-за кратаў пісаў Уладзіміру Пуціну і прасіў палітычнага прытулку ў Расеі). Супраць Баранчыка завялі асобную справу.

Праваабаронцы не выключаюць, што па выніках працэсу аўтараў расейскага інфармацыйнага агенцтва прызнаюць палітвязнямі.

З чаго пачыналася справа «рэгнумаўцаў»? Архіўны відэасюжэт

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў