У Менску – суд над журналістам Змітром Галко. Онлайн


У судзе Савецкага раёну 10 ліпеня распачаўся разгляд справы блогера і журналіста Змітра Галко, якога вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў. Галко знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 2,5 месяца.

17.48. У судзе аб’яўлены перапынак да 10.30. 12 ліпеня.

Маці журналіста Таццяна Галко адзначыла ў размове з belsat.eu, што па інцыдэнце падчас святкавання Дня Народзінаў Змітра Галко ўжо прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Чамусьці тады гаворка ішла, што правапарушэнне адбылося не ў кватэры, а на вуліцы – нібыта Галко лаяўся матам. У гвалце ў адносінах да міліцыянтаў тады журналіста не вінавацілі.

17.16. Сведка абароны Вольга Краўчук, былая жонка Змітра і маці ягонага сына Яна, заявіла на судзе: «Ян святкаваў 25 лістапада свой Дзень Народзінаў, хацеў паказаць тату сваім сябрам, я нічога супраць не мела».

Зміцер Галко на судзе

Жанчына ўпэўнена, што крыміналу ў дзеяннях Змітра Галко не было. Яна звязвае пераслед з тым, што журналіст раней крытычна выказваўся пра міліцыю.

16.49. Сведка Аляксей Каптур – міліцыянт з групы затрымання. Калі ён з напарнікам Барзюком прыбыў на месца, тэлефон Чыркова ўжо быў разбіты. Каптур сцвярджае, што спрабаваў «супакоіць» Галко, прыціснуўшы яго да дзвярэй. Але той супраціўляўся і тады апрануў на яго кайданкі.

«Я бачыў як Галко замахваўся, але ўдару не бачыў», – кажа ён.

16.30. Галко хадатайнічаў аб пераносе паседжання, спасылаючыся на кепскае самаадчуванне. Але суддзя адхіліў хадатайніцтва, назваўшы прычыну надуманай і «скіраванай на зацягванне працэсу».

16.10. На судзе выступіла сведка – інспектар па справах няпоўнагадовых Людміла Градзько. Яна з’явілася ў кватэры разам з Казаноўскім.

Градзько распавяла, што не бачыла ўдараў, якія нібыта нанёс Галко міліцыянтам, бо ў гэты момант яна спускалася ўніз, бо адзін з падлеткаў выскачыў ў вакно. Калі Градзько вярнулася – Галко ўжо быў у кайданках.

15.20. Пацярпелыя адзначаюць: нікому з iх не было загадзя вядома, хто жыве ў кватэры. Паводле словаў участковага інспектара па справах няпоўнагадовых Уладзіміра Казаноўскага, размова з Галко пачалася з таго, што апошні заявіў: «Вы, менты, зусім ахамелі». Далей ён пацвердзіў падзеі, якія раней апісаў у сваіх паказаннях Чыркоў.

Казаноўскі адзначае, што не бачыў як першы раз Галко ўдарыў Чыркова, але адчуў, што гэта зрабіў менавіта Галко. Яму ж Галко нібыта пашкодзіу куртку.

Адвакат запытала, ці распачалі праваахоўнікі адміністратыўную справу на месцы па факце распіцця падлеткамі алкаголю. Тыя кажуць, што не, бо трэба было высветліць усе абставіны. Дзеля гэтага яны і ўтрымлівалі падлеткаў у кватэры, не даючы ім выйсці.

13.00. У судзе аб’яўлены перапынак да 14.30.

12.55. Міліцыянт Чыркоў запатрабаваў спагнаць з Галко 1000 руб. кампенсацыі: 150 за пашкоджаны тэлефон і 850 за маральную шкоду. На строгім пакаранні Чыркоў не настойвае, пакідае «на меркаванне суда».

12.35. Паводле словаў міліцыянта Чыркова, 25 лістапада прыкладна ў 16.00. ён правяраў раней судзімых па месцы жыхарства на сваім участку па вуліцы Мележа. Праходзячы ля аднаго з дамоў, убачыў на балконе няпоўнагадовых дзяцей, якія лаяліся матам, пачуў гучную музыку. Чыркоў кажа, што не наважыўся зайсці ў кватэру адзін і выклікаў на дапамогу ўчастковага інспекцыі па справах няпоўнагадовых Казаноўскага. Каля 18.30 міліцыянты Казаноўскі і Градзько (яны былі ў цывільным) падняліся ў кватэру разам з Чырковым.

«Дзверы адчыніў Галко. Я быў у форме, назваўся і паказаў пасведчанне. Галко быў у стане ап’янення, пачаў лаяцца, адмовіўся паказаць свае дакументы i патлумачыць, што адбываецца ў кватэры», – сцвярджае Чыркоў.

Паводле яго, Галко распачаў патасоўку яшчэ ў тамбуру, схапіў яго за абмундзіраванне, пацягнуў яе на сябе і абодва апынуліся ў кватэры.

«У кожным пакоі там быў алкаголь i пʼяныя дзеці. Не проста піва там, а літровая гарэлка, – заявіў міліцыянт на судзе, – Я таксама хацеў папярэдзіць магчымыя палавыя злачынствы. У кватэры я ўбачыў на падлозе жаночую бялізну».

Калі Чаркоў паспрабаваў запісаць гэта на відэа i патэлефанаваць каб выклікаць падмогу, Галко нібыта выбіў мабільны ў яго з рук. Тады падбег сын Галко Ян і нібыта хацеў нанесці ўдар, але не атрымалася. Чаркоў зафіксаваў Яна, паклаўшы на падлогу i лёгка прыціснуўшы грудную клетку.

У гэты момант Чыркоў нібыта адчуў удар па галаве ззаду, а калі павярнуўся ўбачыў Галко, які нанёс яшчэ 1 удар у вобласць падбародку. Пасля патасоўкі, міліцыянты апранулі на Галко кайданкі. Чаркоў апрануў кайданкі яшчэ i на Яна, бо той нібыта спрабаваў працягнуць бойку.

Зміцер Галко на судзе

Суддзя зачытаў рапарт Чыркова. Адвакат заўважыла, што паміж складзеным тады рапартам i сённяшнімі паказаннямі Чыркова есць несупадзенне па часе, а таксама раней не было згадкі пра тое, што праходзячы міма міліцыянт пачуў з балкона нецэнзурную лаянку.

11.40. Паводле пракурору, Галко аказаў «грубы супраціў і ўступіў у барацьбу» з участковым Чырковым. Яму па дапамогу прыйшоў міліцыянт Казаноўскі, а потым прыехала група захопу. Прычым Галко нібыта ўсе роўна працягваў барацьбу.

Пашкоджанні, якія атрымалі Чыркоў і Казаноўскі, не пацягнулі за сабою страту працаздольнасці – гаворка ідзе толькі пра драпіну і кровападцёк.

11.30. Падтрымаць Галко ў судзе прыйшлі Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч.

11.00. У залі суду прысутнічаюць бацькі Галко. Цікава, што сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць журналіста – фігурант «справы Рэгнума» Юры Паўлавец.

Пацярпелыя – міліцыянты Чыркоў і Казаноўскі. Адвакат – Наталля Міцкевіч.

Бацька журналіста Мікалай Галко перад пачаткам суду заявіў:

«Ніякага складу крымінальнага злачынства не было.Тое, што «кіраўнік Белпартызану» нібыта збег ва Украіну, як пісалі з падачы міліцыянтаў некаторыя СМI – гэтага таксама не было».

Зміцер Галко на судзе
Пацярпелыя міліцыянты Чыркоў і Казаноўскі

Інцыдэнт, які стаў нагодай для крымінальнага пераследу, адбыўся ў лістападзе 2017 года. Сын Галко святкаваў сваё 15-годзе на кватэры ў Менску. На свяце былі ягоныя сябры, таксама прысутнічаў і сам Галко (усяго было каля 17 чалавек). Увечары з прычыны шуму суседзі выклікалі міліцыю. Паводле следства, калі міліцыянты зайшлі ў кватэру, у іх адбыўся канфлікт са Змітром Галко, прычым журналіст нібыта ўжыў сілу да праваахоўнікаў. Сам Галко зняпраўджваў гэтыя абвінавачванні.

У хуткім часе пасля гэтага Галко разам з сынам з’ехалі ва Украіну. Аднак 22 красавіка, падчас вяртання на радзіму, Галко затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і кінулі за краты.

Зміцер Галко – вядомы беларускі журналіст і блогер, супрацоўнічаў з шэрагам недзяржаўных беларускіх СМІ. Пасля пачатку канфлікту на Данбасе неаднойчы ездзіў на лінію фронту, падрыхтаваў шэраг рэпартажаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў