У Менску студэнтаў заклікаюць на паказ расейскага фільма «Крым» і сустрэчу з яго рэжысерам


кадр са стужкі "Крым"

26 кастрычніка ў менскім Доме Масквы адбудзецца выступ расейскага рэжысера і прадзюсара Аляксея Піманава, а таксама паказ кінастужкі «Крым».

Фільм прысвечаны сакавіцкім падзеям 2014 года: захоп паўвострава падаюць гледачам як вызваленне.

Арганізатарам імпрэзы выступае грамадскае аб’яднанне «Русь молодая», якое прытрымліваецца прарасейскай пазіцыі, ухваляе анексію Крыму і падтрымлівае палітыку Пуціна і сепаратыстаў на Данбасе.

Як пісалі СМІ, кіраўнік «Румол» – Сяргей Лушч – раней адкрыта вызнаваў ультраправыя погляды.

Запрашэнне на мерапрыемства даслалі ў прыватны ўніверсітэт МІТСО. ВНУ размясціла гэтую інфармацыю ў сваёй суполцы «Вконтакте», заклікаючы студэнтаў загадзя пакідаць заявы на ўдзел.

Belsat.eu звязаўся з начальніцай упраўлення выхаваўчай працы і моладзевых ініцыятыў Тацянай Яшынай, каб запытаць, чаму яны вырашылі распаўсюдзіць гэтае запрашэнне і ці «Румол» зʼяўляецца іх сталым партнерам.

«Ліст прыйшоў у наш універсітэт як звычайная рассылка. Мы супрацоўнічаем і з БРСМ, і з ДАСААФ, з прафсаюзамі. Ну, пра «Русь маладую» штосьці чула, але асабіста там нікога не ведаю. Калі дасылаюць такія запрашэнні, мы іх далей распаўсюджваем па групах і калі ёсць зацікаўленыя – яны запісваюцца. Гэтай падзеяй пакуль не зацікавіўся ніхто».

Спецыяліст падкрэсліла, што аналагічныя мэйлы маглі прыйсці і ў іншыя ВНУ Менска і нават краіны.

Адразу пасля гутаркі з карэспандэнткай belsat.eu паведамленне пра падзею было выдалена са старонкі ўніверсітэта ў сацсетцы.

Мы звярнуліся па каментар і да старшыні «Румола» Сяргея Лушча, аднак той пакуль нічога не адказаў.

Раней у менскім Кінавідэапракаце заявілі, што стужка пра анексію Крыма дэманстравацца не будзе. Пры гэтым расейскі пракатчык стужкі, група кампаній «Парадыз», пацвердзіла: паказ у Беларусі ўсё ж плануецца.

14 ліпеня амбасада Украіны ў Беларусі накіравала ў МЗС ноту пратэсту з нагоды паказу трэйлера фільма ў беларускіх кінатэатрах.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары