У Менску сабралі грошы для беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе


За некалькі гадзінаў дабрачыннага марафону «Дапамажы беларускаму жаўнеру» ў дапамогу беларускім добраахвотнікам было сабрана больш за тысячу долараў. Бонус ахвярадаўцам – дыскі тэлеканалу «Белсат» з фільмамі, торбы ды саколкі.

У Беларусі яны – крымінальнікі, бо змагаюцца за інтарэсы іншай краіны, а ў той, іншай краіне, на вайне, застаюцца без сацыяльных гарантыяў, бо – замежнікі. У Менску стартавала акцыя, каб дапамагчы беларускім жаўнерам, што ваююць на Данбасе.

Заканадаўства Украіны да лістапада забараняла службу замежнікаў, але іх прымалі неафіцыйныя структуры – Добраахвотны ўкраінскі корпус «Правы Сектар» ды Батальён АУН, якія трымаюцца за кошт валанцёраў. Таму – ні грашовага забеспячэння, ні медычнай страхоўкі, ні дапамогі сем’ям. Паправіць становішча беларусаў у зоне АТА, якія ваююць за цэласнасць Украіны, вызваліся грамадскія актывісты.

«Хлопцы не маюць аніякага легальнага статусу, таму, вяртаючыся з зоны АТА, значыцца, на ратацыі, ім вельмі цяжка здымаць жытло, нават простую ежу сабе набыць, літаральна, даводзіцца падрахоўваць, і эканоміць вельмі моцна», – гаворыць бард Зміцер Захарэвіч.

У межах акцыі – на продаж выстаўленыя з дзясятак карцінаў ад Міхала Анемпадыстава, Наталлі Бордак ды Андруся Такінданга. «Сёння будзе распаўсюджвацца інфармацыя ў сацыяльных сетках – якія працы засталіся, колькі часу трэба каб іх набыць, ну, я так разумею, палова прац была прададзена», – падсумоўвае арганізатар збору Зміцер Дашкевіч.

Слабое матэрыяльнае забеспячэнне гэта наўпрост бяспека і жыцці жаўнераў. Гэтак смерці берасцейца Алеся Чаркашына можна было пазбегнуць, тлумачаць валанцёркі з Украіны.ʼ

«Аскепак зайшоў збоку. Там бронекамізэлька – тканіна толькі парвалася. Калі б у яго быў нармалёвы «бронік» з бакавымі пластынамі, з кеўларам, то хутчэй за ўсё, ён бы застаўся жывы. Таму грошы – гэта не проста грошы. Гэта магчымасць набыць гэтую экіпіроўку, якая дапаможа захаваць жыцці», падкрэсліла ўкраінская валантэрка Вольга Гальчанка.

Глядзіце таксама: У Менску прэзентуюць кружэлку загінулага Алеся Чаркашына «Не здавайся!» (відэакліп)

Паводле МУС Беларусі, ва Украіне з абодвух бакоў канфлікту ўдзельнічалі ці ўдзельнічаюць каля 130 грамадзянаў нашай краіны. Перад беларускім заканадаўствам яны роўныя – крымінальная адказнасць за найміцтва. Але тыя, хто бароніць Украіну, бароняць і Беларусь, кажа лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Нягледзячы на крызіс, аўкцыён прайшоў паспяхова, бо на яго сабралася шмат людзей. Гэта далёка не першая акцыя, якая ладзіцца ў падтрыманне беларускіх жаўнераў. І гэтыя акцыі будуць працягвацца надалей – пакуль будзе доўжыцца вайна ва Украіне, кажуць актывісты.

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Стужка навінаў