У Менску развіталіся з Міхаілам Марынічам


Больш за сто чалавек прыйшлі развітацца з вядомым беларускім дзяржаўным дзеячам і палітыкам Міхаілам Марынічам, які памёр 17 кастрычніка на 75-м годзе жыцця.

Як адзначыў сын палітыка Ігар Марыніч, у 2001 годзе яго бацька, займаючы ў той момант пасаду пасла Беларусі ў Латвіі, прыняў рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. «Трэба было дапамагчы краіне, і гэта быў яго свядомы выбар. Слушнае ці не – цяжка меркаваць. Гісторыя рассудзіць, – сказаў Марыніч. – Але ён зрабіў учынак, учынак мужчыны. Я заўсёды паважаў яго за гэта і падтрымліваў ва ўсім. Бацька заўсёды быў прыкладам, я заўсёды раўняўся на яго, калі прымаў нейкія рашэнні».

 Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што Міхаіл Марыніч быў вельмі сумленны і прыстойны чалавек. «Подлы рэжым з так званым прэзідэнтам адабралі ў яго большую частку жыцця. Гэта чарговая ахвяра нашага рэжыму, — сказаў ён. — Гэта быў годны чалавек, які заўсёды кіраваўся сумленнем і прыстойнасцю і шчыра любіў Беларусь».

Уладзімір Някляеў адзначыў, што Марыніч быў «адным з самых светлых беларусаў, якіх даводзілася сустракаць». «Ён любіў жыццё, Беларусь і тых людзей, з якімі жыў побач. Менавіта любоў да Беларусі, а не цяга да ўлады, вымусіла яго кінуць пасаду і пайсці супраць тых людзей, з якімі рабіў кар’еру. Менавіта дзеля любові да Беларусі ён гэта зрабіў», — сказаў Някляеў. 

Пасля заканчэння цырымоніі развітання прайшло пахаванне Міхаіла Марыніча на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Менску. 

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў