У Менску развіталіся са Змітром Саўкам – вядомым мовазнаўцам




Развітацца са Змітром Саўкам прыйшлі мастак Аляксей Марачкін, дырэктар ліцэю імя Якуба Коласа Уладзімір Колас, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, праваабаронца Алег Гулак, пісьменнік Артур Клінаў, а таксама калегі з Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту ды нашага тэлеканалу.

Грамадзянская паніхіда прайшла ў касцёле Св. Роха ў Менску.

Зміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім абʼяднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). Аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з В. Кіпелем; Нью-Ёрк–Менск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве з Юрыем Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня–Менск, 2005).

Зміцер быў стваральнікам і кіраўніком моўнай службы «Белсату», а таксама адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на нашым тэлеканале.

У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валанцёраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Зміцер Саўка хварэў на рак. Ён памёр 9 красавіка, пакінуўшы жонку і чатырох дзяцей.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў