У Менску раздалі ўзнагароды «чэмпіёнам» грамадскай супольнасці


Бела-чырвона-белыя сцягі, бежанцы і графіці з дротам – у Менску ўручылі прэмію «Чэмпіёны грамадскай супольнасці-2016», якую штогод ладзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.

Сёлета яе ўручаюць у восьмы раз, пераможцы – грамадскія актывісты, акцыі, медыі ды ініцыятывы.

Пераможцаў абіраюць самі актывісты недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў. Сёлетняй адметнасцю стала «абарона свайго».

«Адна тэндэнцыя, якая накіраваная на абарону свайго, абарону ад наступу, у першую чаргу, канечне, ад дзяржавы», – тлумачыць Сяргей Мацкевіч, старшыня рабочай групы Асамблеі НДА Беларусі.

Адразу дзве галоўныя ўзнагароды сёлета атрымаў Зміцер Дашкевіч – «Лідар году» і «Кампанія году» за акцыю збору подпісаў за бела-чырвона-белы сцяг.

Дашкевіч разам з аднадумцамі запусціў кампанію за прызнанне бела-чырвона-белага сцягу гістарычнай каштоўнасцю, яны сабралі больш за 10 тыс. подпісаў і аднеслі заяву ў Міністэрства культуры. Чыноўнікі ў сваю чаргу адказалі, што для гэтага яшчэ трэба правесці «грунтоўнае навуковае даследаванне».

«У мяне была ідэя ў тым ліку прадэманстраваць грамадству, што можна, не завязваючыся там на нейкія электаральныя кампаніі, выдумкі Ярмошынай, выходзіць і працаваць з грамадствам», – кажа Зміцер Дашкевіч.

«Рэгіянальнай падзеяй году» стала абарона менскага мікрараёну Асмалоўка, «Новай ініцыятывай» – установа «Human Constanta», якая займаецца абаронай правоў уцекачоў і мігрантаў, «Крэатывам году» – дамаляваны калючы дрот на графіцці «Менск-Масква», а сайтам году стаў анлайн-часопіс «Імена».

Настасся Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў