У Менску распачаўся закрыты судовы працэс над Паўлам Шаройкам


Паўло Шаройка

Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе са спасылкаю на прэс-сакратарку Вярхоўнага суду Юлію Ляскову, што судовы працэс над карэспандэнтам «Украінскага радыё» Паўлам Шаройкай, якога беларускія спецслужбы вінавацяць у шпіянажы, ужо ідзе. Пры гэтым невядома, калі распачаўся працэс – сёння ці яшчэ на мінулым тыдні.

Разгляд справы адбываецца ў закрытым рэжыме. На пытанне, чаму пра пачатак разгляду рэзананснай міжнароднай справы стала вядома толькі сёння, Ляскова паведаміла, што ў судах Беларусі штодзённа разглядаецца каля 4 тысяч спраў і яна не можа ведаць пра пачатак кожнага працэсу.

Паралельна сёння, 12 лютага, Чарнігаўскі раённы суд (Чарнігаўская вобласць, Украіна) пачне папярэдняе слуханне па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога ўкраінскія спецслужбы абвінавачваюць у шпіянажы.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

У дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж). Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

 

ІІ, belsat.eu, паводле baj.by

 

Глядзі таксама
Каментары