У Менску прэзентавалі законапраект аб выкарыстанні і ахове бчб-сцяга


Сёння, 14 траўня, у менскім гатэлі «Вікторыя» (пр-т Пераможцаў, 59) адбылася публічная прэзентацыя законапраекту аб выкарыстанні, папулярызацыі і ахове бела-чырвона-белага сцяга. Belsat.eu вёў стрым з падзеі.

Напрыканцы прэзентацыі пад спевы Вольгскага ўдзельнікі разгарнулі вялізны бел-чырвона-белы сцяг.

Фота – Сяргей Кавалёў

19:23 Пакуль чакалі Вольскага, на сцэну выйшаў мужчына, які пачаў правакаваць удзельнікаў мерапрыемства. Яго вывелі з залі.

19:20 Прэзентацыя законапраекта скончаная. Пачынаецца музычная частка. На сцэну выходзіць музыка Лявон Вольскі.

19:11 Ганна Канапацкая дзякуе журналісту Зміцеру Лукашуку, які дапамог перакласці законапраект на беларускую мову. Яны шчыра прызналася, што, на жаль, не валодае беларускай мовай дастаткова, каб складаць законапраекты.

19:07 Паводле праекту закону можна свабодна выкарыстоўваць сцяг, можна вывешваць яго на будынках у святы і іншыя дні, таксама прапісаная адказнасць за знявагу сцяга. У законе прапісаны абавязак міністэрства культуры знесці сцяг у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

19:05 Выступоўцы скончылі. Зараз пачнецца прэзентацыя законапраекту.

18:55 Зміцер Дашкевіч папракае тых патрыётаў Беларусі, якія «дазваляюць сабе начапіць чырвона-зялёны сцяг». Узгадаў сітуацыю, калі ў Ганны Канапацкай на пінжаку быў значак чырвона-зялёнага сцягу.

18:53 Дэпутатка Алена Анісім кажа, што неабходны дыялог. Трэба спыніць супрацьстаянне.

«Калі сёння нашыя спартоўцы выступаюць пад дзяржаўным сцягам, а заўзятары іх сустракаюць з бчб-сцягам, то гэта ўжо пра нешта кажа», – зазначае Алена Анісім.

18:48 Павал Белавус распавядае, што ўсе спробы надаць сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці завяршаліся нічым. На ўсе запыты пра статус сцяга чыноўнікі адказвалі, што гэта незарэгістраваная сімволіка.

«Як можа быць незарэгістраванай сімволіка, якая была дзяржаўнай», – здзіўляецца Павал Белавус.

18:43 Мастак Мікола Купава хоча ўнесці ў законапраект пункт, каб людзям мастацтва можна было свабодна выкарыстоўваць нацыянальны сцяг.

18: 38 Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Алег Баршчэўскі кажа, што юрыдычна гэты бчб-сцяг дасюль з’ўляецца дзяржаўным, бо рэферэндум быў незаконны. На той момант сканчалася кадэнцыя дэпутатаў і па законе нельга было праводзіць рэферэндум.

18:31 Алег Трусаў распавядае пра тое, як бчб-сцяг стаў дзяржаўным сімвалам сучаснай Беларусі. Зачытвае дакумент, прыняты дэпутатамі парламенту ў 1991 годзе.

18:27 Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Алег Трусаў распавядае пра гісторыю бчб-сцяга, якая распачалася яшчэ ў XIV стагоддзі.

18:26 «Сцяг страціў статус дзяржаўнай сімволікі, але не страціў сваёй каштоўнасці», – кажа Віталь Рымашэўскі.

Ён зазначае, што двойчы падаваліся подпісы за наданне бчб-сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але двойчы было адмоўлена.

18:20 Мерапрыемства распачалося. Прысутныя спяваюць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

18:15 «Ёсць на сённяшні момант патрэба, каб статус сцяга быў унармаваны і спыніўся пераслед за выкарыстанне сімволікі. Міліцыя часам лічыць, што сцяг забаронены, але не можа патлумачыць чаму, а мы ў сваю чаргу не можам паведаміць, чаму сцяг не забаронены», кажа Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі БНФ.

Янукевіч спадзяецца, што хутка спыняць пераслед за бчб-сцяг, а яшчэ пазней ён вернецца на будынкі.

18:08 «Новая сімволіка не задаволіла частку грамадства. Паўстаў супраціў. Цягам многіх гадоў не было паразумення, нагняталася супрацьстаянне. Я ўдзячная, што Аня ўзялася за гэтую працу і разам з камандаў распрацавала праект. Думаю, што пэўная частка дэпутатаў будзе супраць. Той, хто хоча ўлучыцца ў прастору суседняй краіны, той будзе супраць», – кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

18:05 «Увесну мы сабралі больш за 1500 подпісаў за наш сцяг. Усім добра зразумела, што рашэнні ў нас у краіне прымае адзін чалавек. Нашая задача давесці грамадству важнасць гэтых сімвалаў. Тады будзе складаней адмовіць», – кажа Віталь Рымашэўскі.

18:00 Дэпутатка Ганна Канапацкая кажа, што распрацаваць праект дакументу – яе ініцыятыва. Законапраект падтрымлівае яшчэ адна дэпутатка Алена Анісім. Ганна Канапацкая кажа, што пытанне сцяга – гэта палітычнае пытанне, але, як бы гэта дзіўна не гучала, палітычныя пытанні амаль не абмяркоўваюцца ў парламенце. Дэпутатка кажа, што гатовая да крытыкі і тым жа часам спадзяецца на падтрымку грамадства.

Ужо некалькі гадоў «Арт Сядзіба» разам грамадскімі актывістамі і арганізацыямі праводзіць кампанію для надання бела-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. У выніку з ініцыятывы дэпутаткі Ганны Канапацкай быў падрыхтаваны адпаведны законапраект. У бліжэйшы час ён паступіць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Падчас публічнай прэзентацыі праекту закону з прамовамі выступяць актывісты і палітыкі Зміцер Дашкевіч, Віталь Рымашэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Павел Белавус, а таксама дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Таксама чакаецца музычны выступ Лявона Вольскага. Уваход вольны.

Кіраўнік Symbal.by Павел Белавус на сваёй старонцы ў фэйсбуку патлумачыў неабходнасць такога законапраекту:

Нагадаем, бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі з верасня 1991 года да чэрвеня 1995-га. Роўна 23 гады таму, 14 траўня 1995 года, Аляксандр Лукашэнка правёў свой першы рэферэндум, у выніку якога бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» замянілі на сённяшнюю чырвона-зялёную сімволіку.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў