У Менску прэзентуюць кружэлку Алеся Чаркашына «Не здавайся!»


Паплечнікі і сябры загінулага на Данбасе беларускага добраахвотніка выдалі кружэлку з песнямі Алеся Чаркашына. Дзве з іх былі напісаныя на фронце.

33-гадовы беларус, былы старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі БХД Аляксандр Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сектару». 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы, прабыўшы некалькі тыдняў у коме.

6 кастрычніка ў памяшканні сядзібы БНФ а 18 гадзіне адбудзецца вечар памяці Алеся Чаркашына, на якім будзе прэзентаваны дыск. «Натхнёны запісам «Не здавайся!», я сказаў Алесю, што варта падумаць над выданнем свайго альбому, на што ён толькі ўсміхнуўся, маўляў, рана яшчэ. Тады я і падумаць не мог што давядзецца выдаваць ягоны пасмяротны альбом», – піша ў сацсетках беларускі рэжысёр-дакументаліст Антось Цялежнікаў, які зрабіў кліп на згаданую песню.

8 верасня на дзень Беларускай вайсковай славы ды на дзявяты дзень па смерці Алеся Чаркашына на «Белсаце» адбылася прэм’ера відэакліпу.

Падчас вечара памяці ў Менску кожны ахвотны зможа перадаць ахвяраванні, якія пойдуць на помнік Алесю Чаркашыну.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў