У Менску прэзентавалі трэнажоры, якія пачалі «штампаваць» па загадзе Лукашэнкі


Юныя дужаннікі ў прысутнасці віцэ-прэмʼера Наталлі Качанавай правялі трэніроўку на новых беларускіх трэнажорах «Васілёк».

Трэнажоры распрацаваныя для дзяцей.

Іх будзе вырабляць завод «Белпласт». Учорашнюю прэзентацыю дзіцячых трэнажораў наведала віцэ-прэмʼер Наталля Качанава.

«Намеснік прэмʼер-міністра адзначыла, што прыемна бачыць спартовае абсталяванне, вырабленае менавіта беларускімі вытворцамі, прычым цэны на трэнажоры для заняткаў юных спартоўцаў цалкам прымальныя», – перадае БелТА.

Віцэ-прэмʼер спадзяецца, што і іншыя айчынныя прадпрыемствы хутка далучацца да праекту і будуць гатовыя пастаўляць сучасныя трэнажоры не толькі ў спартовыя, але і ў агульнаадукацыйныя школы, а таксама ў рэабіталіцыйныя цэнтры.

Магчымасці трэнажораў прадэманстравалі выхаванцы школы барацьбы.

Адначасова на трэнажоры «Васілёк» могуць займацца 7 чалавек – дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. «Белпласт» можа вырабляць да такіх 10 трэнажораў штомесяц.

Пра неабходнасць зрабіць «свае» трэнажоры 12 лістапада заявіў кіраўнік краіны, калі наведаў спартова-аздараўленчы комплекс «Мандарын» у Менску.

«Мы будзем вельмі шмат будаваць такіх залаў. Яны карыстаюцца попытам. Няхай прыходзяць, капіююць, робяць што заўгодна. І няхай пачынаюць штампаваць дома. Ведаеш: вось табе два станка, вось табе трэнажоры, вось тры», – адзначыў тады Лукашэнка.

Адной са сваіх стратэгічных задачаў завод «Белпласт» называе распрацоўку трэнажораў для дарослых.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў