У Менску плануюць правесці Марш прадпрымальнікаў


Пра яго арганізацыю заявілі былы палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Сёння яны прынеслі заяўку на правядзенне маршу ў Менгарвыканкам.

Акцыя мае прайсці 14 сакавіка (панядзелак) па вуліцы Сурганава: ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Шэсце мае сабрацца ля Акадэміі навук а 13-ай гадзіне. Пасля запланаваны мітынг у парку, які мае пачацца а 14:30 і завершыцца а 16-й гадзіне.

Шумчанка заявіў, што ўлада можа вырашыць праблему – пайсці на саступкі іпэшнікам.

У той жа час на пытанне карэспандэнта «НН», чаму ён не прыйшоў на акцыі прадпрымальнікаў 15 і 22 лютага, Шумчанка адказаў, што тады здалося, што ўлады ішлі на саступкі, «таму мы вырашылі прыбраць радыкалізм».

Мікалай Статкевіч зазначыў, што калі ўлады не дазволяць акцыю 14 сакавіка, то ён будзе заклікаць грамадзянаў на Дзень Волі 25 сакавіка.

У Менску ўжо адбылося дзве акцыі прадпрымальнікаў – 15 і 22 лютага мітынгі прайшлі на Кастрычніцкай плошчы. Першая акцыя сабрала да 800 чалавек, другая – каля 300 чалавек. У іх узялі ўдзел прадпрымальнікі з розных рэгіёнаў Беларусі і апазіцыйныя дзеячы. Дробныя бізнесоўцы дабіваюцца адмены ўказу №222, які ўводзіць абавязковую сертыфікацыю тавараў. Паводле яго, гандаль магчымы толькі ў выпадку наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і паходжанне тавараў. Замежныя вытворцы не выдаюць гэткіх сертыфікатаў. Беларуская прадукцыя мае такія сертыфікаты, але яна надзвычай дарагая і нізкай якасці, з-за чаго пакупнікі не набываюць яе.

Трэццяя акцыя прадпрымальнікаў запланаваная на нядзелю 28 лютага. Збор а 15-ай на Кастрычніцкай плошчы.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў