У Менску паказваюць, як апраналіся беларускі ў мінулыя часы


Выстава нацыянальных касцюмаў «Гуляла пава…» адкрылася ў Музеі старажытнабеларускай культуры пры Нацыянальнай акадэміі навук.

У экспазіцыі прадстаўленыя 10 камплектаў жаночых касцюмаў XIX-XX стагоддзяў «Неглюбскага строю» з Гомельшчыны. Прадэманстравалі на выставе таксама народную моду Ваўкавыскага, Давыд-гарадоцкага, Слуцкага строяў і інш.

[vc_single_image image=”346689″ img_size=”large”]

«Строем называюць комплекс народнага адзення, характэрнага для той ці іншай тэрыторыі. Неглюбскі строй лічыцца адным з самых загадкавых, – распавяла парталу minsknews.by аўтар ідэі і куратар выставы Ірына Смірнова. – Касцюм мяняўся з цягам часу, убіраў у сябе новыя элементы, але не забываў і старых. Мы прадставілі 5 жаночых і 5 дзявочых камплектаў. Сярод іх ёсць нават дзіцячы гарнітур з характэрнай прадметам – калышкай – фартухом, які прычапляўся ззаду».

Асобным стэндам аформленая выстава фотаздымкаў, зробленых у 40-50-х гадах мінулага стагоддзя. Яны дазваляюць пераканацца ў тым, што адноўленыя касцюмы дакладна адлюстроўваюць каларыт Неглюбскага строю.

Выстава «Гуляла пава…» будзе працаваць да 20 лістапада і адкрыта для ўсіх ахвотных. Размяшчаецца экспазіцыя ў Музеі старажытнабеларускай культуры па адрасе: вул. Сурганава, 1, корп. 2.

МЯ, belsat.eu, паводле minsknews.by

Стужка навінаў