«Паслявобразы» – апошні фільм Вайды. Рэцэнзія Валярыны Куставай пасля менскай прэмʼеры


Фрагмент фільму «Паслявобразы»

Годным закрыццём XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» стаў апошні прыжыццёвы фільм класіка польскага кіно Анджэя Вайды.

Фільм вылучаны Польшчай на атрыманне прэміі «Оскар» як найлепшая неангламоўная карціна. Сусветная прэм’ера кінастужкі адбылася 10 верасня 2016 года на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта. Беларускім гледачам пашчасціла пабачыць кінастужку нават раней за палякаў. У Польшчы прэм’ера запланавана на студзень 2017.

Нацыянальнае кіно, якое вяртае памяць

«Паслявобразы» Вайды – нацыянальнае кіно, якога так не стае нам, беларусам. Біяграфічная драма пра апошнія гады жыцця польска-беларускага мастака-авангардыста XX стагоддзя Уладзіслава Страмінскага.

Фільм Вайды вяртае нам памяць. Памяць не толькі пра такі блізкі і такі далёкі «вецер гісторыі», але і пра забытую постаць самога Страмінскага і яго ўнёсак ў мастацтва, пра супраціў мастака супраць злачыннай ўлады.

«Хочацца сказаць: пайшоў з жыцця майстар Анджэй Вайда, а дзякуючы ягонаму апошняму фільму ў масавай свядомасці наноў нарадзіўся знакаміты мастак Страмінскі. Бо і ў Польшчы, і ў Беларусі творца быў доўгі час забыты – памяталі пра яго нешматлікія прыхільнікі мастацтва», – адзначыў дырэктар Польскага інстытутата ў Мінску Матэвуш Адамскі.

Анджэй Вайда заўжды з вялікай сімпатыяй і разуменнем ставіўся да беларусаў.

Чытайце таксама >>> Кінафестываль «Лістапад» раздаў узнагароды

«Ён лічыў Страмінскага, нараджэнца Менску, вельмі важнай постаццю польскага авангарднага мастацтва і адначасова сімвалічным змагаром за свабоду з таталітарнай камуністычнай дзяржавай», – таксама дадаў спадар Адамскі.

«Ты на чыім баку?» – «На сваім»

Вайда ўваскрасіў памяць пра Страмінскага. Першым неадольным жаданнем па праглядзе было – паехаць у Польшчу, у мастацкія музеі і перадусім углядзецца ў арыгінал «Паслявобразаў». А таксама пазнаёміцца з выканаўцам галоўнай ролі – вялікім Багуславам Ліндам.

vaida

На беларускія экраны фільм Анджэя Вайды трапіў нават раней, чым на польскія

Фільм – сапраўды цудоўны прыклад акцэнтавання на важнасці стварэння маштабу асобаў мастацтва ў культуры, якіх здольны пачуць свет, якія змогуць быць рупарам цэлых народаў альбо нават эпохаў, каталізатарамі мыслення, свабоды і праўды.

Менавіта такім мусіць быць беларускі сучасны фільм, каб прэтэндаваць на «Оскар».

«Ты на чыім баку?» – пытаюцца прадстаўнікі ўлады ў паэта Юльяна Пшыбася. – «На вашым», – адказвае паэт і памыляецца. «Ты на чыім баку?» – задаюць яны тое самае пытанне мастака Страмінскаму. – «На сваім», – адказвае той. І ідзе да канца – змагаючыся за тое, у што верыць.

«У мастацтве і каханні можна даць толькі тое, што маеш»

«У мастацтве і каханні можна даць толькі тое, што маеш», – прамаўляе прафесар Страмінскі закаханай у яго студэнтцы, якая, рызыкуючы ўсім, перапісвае, перадрукоўвае, даводзіць да ладу справу яго жыцця – кнігу «Тэорыя бачання».

Сам жа ён развучыўся любіць і кахаць. Але апантана стварае, трымаючыся праўды, на злом галавы. Ён абыякавы бацька, безадказны муж. Калі ж яму прызнаюцца ў каханні, эгаістычна-іранічна кідае: «Думаў, горш ужо не будзе». Ён гатовы ахвяраваць сябрамі, студэнтамі, сям’ёй. Ім можна захапляцца толькі як апантаным прынцыповым творцам, паэтызуючы ягоны выбар, – толькі тады магчыма прымаць. Бо крый Божа мець такога мужчыну ў асабістым жыцці, апроч як майстра, настаўніка.

Паплечніка Кандынскага і Шагала, вучня Малевіча, улада знішчае яго экспазіцыю ў музеі, звальняе з любімай працы з Акадэміі мастацтваў, выключае з Саюзу мастакоў і нават пазбаўляе магчымасці набываць фарбы і зарабляць грошы, канфіскуе жытло, пагражае жыццю яго дачкі і арыштоўвае закаханую ў яго памочніцу.

Трэйлер фільму «Паслявобразы»

Але мы адчуваем супраціў вольнадумнага творцы злачыннай сістэме. Творцы, што ёсць фізічна непаўнаспраўным (але гэтага мы практычна не заўважаем), бо сіла яго ўнутранага духа ёсць і ягонымі рукамі, і нагамі, і сэрцам, і пэндзлем.

«Калі паэт не можа гаварыць у голас – ён мусіць маўчаць»

Такога прынцыповага, яснага, унутрана дынамічнага, глыбока ментальнага кіно не хапае Беларусі. Мастацтва, у якім няма сумневаў, на чыім баку праўда, і абсалютна відавочная ілжывасць сістэмы, апарату, што штучным чынам спрабуе зламаць, сагнуць, мусова прыстасаваць пад сябе і народ, і творцаў.

Праз паэта Юльяна Пшыбася, які абраў не свой, а – няхай і няшчыра, праз страх, хвіліннае прыстасаванне дзеля іншых – «ваш бок» прамаўляе вялікі паэт Чэслаў Мілаш: «Калі паэт не можа гаварыць ва ўвесь голас – ён мусіць маўчаць». Таму Пшыбась і маўчыць, не друкуецца, не паказвае свае вершы. «А ты, – кажа ён сябру-прафесару, углядаючыся ў карціну «Паслявобразаў», – мяняешся, але застаешся сабой!». А мастак Страмінскі – нягледзячы на тое, што ідзе час, калі трэба гаварыць шэптам, – малюе ў згодзе з сабой і ва ўвесь голас заяўляе пра сваю праўду: мастацтва – гэта не аздоба, а адкрыццё. Пэты, мастакі, артысты – не мусяць быць прымусовымі жаўнерамі. Не мусяць падпарадкоўвацца сістэме. І ён стварае таварыста «A.R.» – мастакоў рэвалюцыі. Ён эгаіст ва ўсім, апроч аднаго – мастацтва.

Нам не хапае фільмаў менавіта пра асобаў, за якімі можна ісці, якімі можна ганарыцца і захапляцца.

Язэп Драздовіч, Напалеон Орда, Мікола Селяшчук… Мы не ведаем і не цэнім свайго, сваіх. А менавіта краіна, якая мае і ведае такіх асобаў, што як маячкі асвятляюць шлях гісторыі, – здольная змяняцца і рухацца далей, бо ёсць за кім і дзеля чаго ісці.

І за імі ідуць іх наступцы – перакананыя, моцныя, безапеляцыйныя. І гэта сіла – сіла адукаваных маладых людзей, што палаюць агнём творчых адкрыццяў. І часам згараюць. Але свядома ідуць на такія рызыкі.

Нічога лішняга

Перад паказам не пакідала хваляванне – боязь расчаравання. Ці магчыма ў 90 год зрабіць жывое кіно? У такім ўзросце прысутнічая вялікая верагоднасць спісацца, самапаўтарыцца, няўдала рызыкнуць альбо скаціцца ў маралізатарства ці папросту стаць нудным і стомленым, што немінуча адаб’ецца на экране.

Нешматлікім рэжысёрам удавалася захаваць бадзёрасць розуму і яснасць мыслення пад канец жыцця. А засталіся ў прафесіі, не страціўшы ўзровень, і пагатоў адзінкі. «Паслявобразы» не толькі не расчаравалі. А захапілі.

Ад першых кадраў зялёных схілаў, залітых сонцам, па якім, як у маленстве радасна, скатваецца прафесар Страмінскі да сваіх вучняў. Да кадраў цнатлівага палатна, якое залівае чырвоным святлом ад вялізнага плаката Сталіна, што навешваюць на вокны майстэрні, праз што мастак не можа ўбачыць паслявобраз – і каб вызваліць натуральнае святло ірве мыліцамі праз вакно крывавую чырвань. Апошнія сцэна – не менш метафарычная: мастак, цяжка хворы на сухоты, навязваючы шалікі на манекены ў вітрыне, падае сярод іх – і памірае навідавоку абыякавых мінакоў, сам – як экспанат, як арт-аб’ект, які могуць пабачыць толькі тыя, хто здольны ўглядзецца ў сляды вобразаў.

У фільме няма нічога лішняга – але дасягнуты максімальны эфект. Унутраная, эстэтычна вывераная, дынаміка. Строгая драматургія. Кропкава падабраныя тыпажы і акторы. Не магчыма не адзначыць і ролю маладой таленавітай акторкі Браніславы Замахоўскай (у фільме – дачкі Страмінскага Нікі) – унутраная эмацыйнасць і дакладнасць захапляюць. Гэта сапраўды самародак.

З гэтага цяжкога фільма сыходзіш з палёгкай і гонарам.

Анджэй Вайда застаўся майстарам да апошняга, застаўся прыгожа – застаўся так, як толькі можна жадаць сысці (і застацца) творцу. Браво, маэстра!

Даведка. Уладзіслаў Страмінскі быў адным з лідараў міжваеннага авангарднага мастацтва ў Польшчы, стваральнікам тэорыі ўнізму, тэарэтыкам мастацтва, выкладчыкам. Разам з жонкай Кацярынай Кобра і іншымі паплечнікамі сабраў калекцыю сучаснага мастацтва, у якую свае творы дасылалі самыя знакамітыя мастакі Еўропы таго часу. Аднак авангарднае мастацтва трапіла ў няміласць да польскіх сацыялістычных уладаў, якія пераследавалі Страмінскага на працягу ўсяго жыцця.

Валярына Кустава, belsat.eu, фотаздымкі аўтаркі

Стужка навінаў