Cуд над Эдуардам Пальчысам працягнецца 17 кастрычніка


Ці вызваляць Эдуарда Пальчыса? Падрабязнасці суда над блогерам

Менскі гарадскі суд 14 кастрычніка пачаў разгляд справы стваральніка сайту 1863x.com. Судовае паседжанне пачалося а 10-й гадзіне ды скончылася а 17-ай. Працяг працэсу запланаваны на 17-га кастрычніка.

Онлайн-трансляцыя суду над Эдуардам Пальчысам

17:00 Паседжанне ў справе Пальчыса скончылася. Яго працягнуць у панядзелак, 17 кастрычніка, а 10-й раніцы.

16:15 Вікторыя Пальчыс мела позву на 10-ю гадзіну ў якасці сведкі. Аднак яе выклікалі толькі а 16-й. Яна не можа разгалошваць акалічнасці працэсу, але кажа, што ейны муж выглядае нармальна, усміхаўся ёй.

Акцыя салідарнасці з Эдуардам Пальчысам

У залі няма вокнаў, таму пікету з вуліцы Эдуард не чуе. Салідарныя з Джонам Сільверам абяцаюць прыходзіць да будынку суда, пакуль працэс будзе ісці.

15:10 Антону Матолька ветлівыя супрацоўнікі ДАІ выпісалі штраф – за кіраванне без тэхагляду.

15:00 Да будынку суда падʼехаў на аўце блогер і фатограф Антон Матолька, дзе ягонае аўта сапсавалася. Хлопец самастойна спрабаваў прывесці ў парадак свой транспартны сродак, з калонак машыны пры гэтым даносіліся песні «Партизан Рок» («Brutto») і «Гадзюшнік» («N.R.M.»). Праз пэўны час да Матолькі падʼехалі супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі дакументы. Яны заўважылі, што на аўце няма налепкі, якая паведамляе аб праходжанне тэхагляду.

14:35 Бацькі Эдуарда Пальчыса распавялі пра падтрымку іхнага сына.

14:15 Пасля перапынку працэс аднавіўся.

У судзе перапынак да 14-й гадзіны. Адвакат Ганна Бахціна знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Яна не можа расказаць медыям нават пра ход справы.

11:18 На акцыі зʼявіўся Алесь Макаеў, ужо праз некалькі хвілінаў міліцыянт пачаў складаць на яго пратакол.

11:05 Вікторыя Пальчыс падзякавала ўдзельнікам акцыі, выказала меркаванне, што Эдуард іх пачуў, і прапанавала разыходзіцца.

Вікторыя Пальчыс

10:50

«Ёсць небяспека, што гэты працэс пракруцяць за адзін дзень. Рэжым спадзяецца атрымаць крэдыт МВФ, а для гэтага трэба мець боль-менш чыстую «крэдытную гісторыю», – адзначыў Павел Севярынец.

10:45 Жонка Эдуарда Пальчыса Вікторыя пра акцыю салідарнасці з блогерам:

«Спадзяюся, што Эдуард чуе словы падтрымкі, што людзі выйшлі дзеля яго і мёрзнуць тут».

10:30 Пратэстоўцы скандуюць «Ніякіх саюзаў з імперская Расеяй!» і «Жыве Беларусь!»

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі (з правага боку)

10:20 Міліцыянты складаюць пратаколы на ўдзельнікаў акцыі пратэсту.

10:05 Пратэстоўцы з бел-чырвона-белымі сцягамі праводзяць акцыю пад будынкам суда.

Бацькі Эдуарда Пальчыса


25-гадовы Эдуард Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце як Джон Сільвер, абвінавачваецца ў распальванні варожасці паводле расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай прыкметы альбо сацыяльнай прыналежнасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Таксама яго вінавацяць у вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў альбо прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 Крымінальнага кодэксу).

Па першым эпізодзе абвінавачанаму пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў, па другім – пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.

Сачыце за онлайнам з працэсу на нашай старонцы.

Чытайце таксама >>> Вікторыя Пальчыс: Эдуард марыць здымаць кіно і ўбачыць мора

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў