У Менску п'янага мужчыну не пусцілі ў метро – за гэта ён збіў інспектара службы бяспекі


Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 38-гадовага грамадзяніна Расеі, які летась збіў інспектара службы бяспекі Менскага метрапалітэна.

Мужчына днём 13 лістапада 2017 года ў стане алкагольнага ап’янення спрабаваў прайсці на станцыю метро «Уручча» у Менску, аднак яго, згодна з службовай інструкцыі, не прапусціў на платформу інспектар службы бяспекі метрапалітэна. З гэтым мужчына быў не згодны.

«Для вырашэння канфліктнай сітуацыі інспектар выклікаў на месца нарад патрульна-паставой службы міліцыі. Аднак абвінавачваны да яго прыбыцця пакінуў вестыбюль. Неўзабаве мужчына вярнуўся і нанёс супрацоўніку метрапалітэна ўдар кулаком у твар, а пасля яго падзення на падлогу – нагой у вобласць жывата», – адзначаюць у СК.

Нападніка ў хуткім часе затрымалі пры ўваходзе на тую ж станцыю з боку іншага вестыбюля. У дачыненні да мужчыны была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 366 (гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) Крымінальнага кодэксу, яму пагражае да 5 гадоў калоніі. Цяпер 38-гадовы нападнік знаходзіцца ў СІЗА.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў