Крэатыўную прастору ЦЭХ высяляюць з Кастрычніцкай


Дырэктарка Цэху Юлія Дарашкевіч распавяла пра высяленне культурнай прасторы.

Падрабязнасці яна напісала ў сваім «Facebook»:

«Аляксандр Астрашэўскі, уладальнік бару «Хуліган» («Лондану», «Старога Менску», «Грунвальду», «Пцічы») і наш арэндадаўца паведаміў, што мы як мага хутчэй павінныя сабраць валізкі. Нашая арэнда аплачаная да 9-га лістапада. Так, дамова аб супрацоўніцтве ёсць, ды, па ім нас былі абавязаныя паведаміць аб скасаванні за 30 дзён (ніякіх лістоў, зразумела, мы не атрымлівалі, але чакаем з нецярпеннем), але гэта ж бізнес па-беларуску, дзетка!»

Юлія Дарашкевіч дадала, што арэндадаўца прычыны свайго рашэння не патлумачыў.

«Сімвалічна, што рашэнне аб нашым высяленні прынялі падчас выставы аб цэнзуры і самацэнзуры ў мастацтве. Калі мы прыйшлі на Кастрычніцкую, тут не было практычна нічога акрамя «Хулігана» і «Энзо». Зараз сюды падцягнуліся гульцы культурнага поля з куды больш шырокімі магчымасцямі, чым нашыя. Фактам застаецца тое, што для кагосьці мы сталі лішнімі або нязручнымі. Дарэчы, цікавае супадзенне – на днях мне тэлефанаваў той самы былы супрацоўнік БСБ-банку, які добра прыклаўся да нашага мінулага высялення. Не трымайце, Юля, зла, кажа) Зараз тое памяшканне належыць іншым уласнікам, і яны хочуць там зрабіць крэатыўную прастору (не прайшло і пяці гадоў, як гаворыцца). І ўсе гэтыя гады яны не маглі яго нікому здаць за 4,5 еўраў за квадрат (мы плацілі 11!)», – напісала Юлія Дарашкевіч.

Цяпер дырэктарка Цэху тэрмінова шукае новае памяшканне і адмяняе лістападаўскіх кліентаў. Усіх, хто незадаволены такой сітуацыяй, яна заклікае пакідаць допісы ў кнізе скаргаў бару «Хуліган» альбо пісаць звароты ў дзяржкантроль, калі кнігу скаргаў не прадаставяць.

Не першае высяленне

У лютым 2015 году з крэатыўнай прасторай ЦЭХ, якая месцілася тады на праспекце Незалежнасці, 58/6, ужо не працягвалі дамову арэнды: уладальнікі памяшкання – «BelSwissBank» – адмовіліся працягваць супрацоўніцтва з папулярнай пляцоўкай, ЦЭХ пераехаў на Кастрычніцкую.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, фотаздымкі з «Facebook»-старонак Юліі Дарашкевіч і ЦЭХу

Стужка навінаў