У Менску навучаюць «Дыджэяў» і «Менеджараў Адраджэння». Найлепшы стане магістрам «Ордэна дыджэяў»


Павел Севярынец. Фота svaboda.org

У памяшканні менскай «Арт Сядзібы» 26 студзеня пачнецца чарговы сезон навучальных курсаў «Дыджэяў Адраджэння».

У курсах маюць узяць удзел каля сарака чалавек, якія атрымаюць досвед працы дыджэяў і менеджараў у справе беларускага нацыянальнага адраджэння.

Адзін з ініцыятараў курсаў, заснавальнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і былы маладафронтавец Павал Севярынец з гэтай нагоды распавёў «Свабодзе»:

«Гэта ўжо адзінаццатыя курсы, якія распачаліся ад 1999 году сіламі «Маладога фронту». Іх задача – рыхтаваць грамадскіх лідараў у справе беларусізацыі. Перадусім – маладых людзей, якія б маглі праводзіць канцэрты, вечарыны і віктарыны: як працаваць з аўдыторыяй, як быць пераканаўчым у справе пашырэння і папулярызацыі беларускасці. Гэтыя курсы перапыняліся толькі на час маіх «адседак» у Малым Сітне і Купліне. Ужо летась гэтыя курсы былі абноўленыя і мадэрнізаваныя, а сёлета ў нас распачынаецца падрыхтоўка ня толькі «дыджэяў» адраджэння – гэта значыць лідараў, але яшчэ і «менеджараў». Гэта значыць, што «дыджэі» будуць непасрэдна працаваць з аўдыторыяй, а «менеджары» будуць павінны займацца арганізацыйнымі справамі ў падрыхтоўцы такіх заняткаў».

Паводле Паўла Севярынца, заняткі распачнуць прыкладна 40 чалавек. Курсы будуць праходзіць на пляцоўцы «Арт Сядзібы», дзе ёсць больш магчымасцяў праз даволі вялікае памяшканне. У ранейшым месцы – сядзібе партыі БНФ – было мала месца і на заняткі прыходзіла менш людзей.

Курсы ўяўляюць сабой штотыднёвыя двухгадзінныя заняткі, хатняе заданне і самападрыхтоўку – гэтак навучанне трывае цягам дванаццаці тыдняў. Тэмы заняткаў: індывідуальная і масавая псіхалогія, асоба, асновы нацыянальнага руху, тэорыя, гісторыя і практыка беларусізацыі, тэхналогія публічных выступаў і дзеянняў.

«Мы навучаем працы ў сацыяльных сетках і ў правядзенні акцыяў нацыянальнага маштабу. Ёсць і элементы экстрыму, калі мы даем чалавеку грошы на квіток і называем нейкае месца ў Беларусі, куды ён мае дабрацца і цягам сутак правесці там беларускую імпрэзу. Калі чалавек жадае і мае мінімальную аснову беларушчыны, то ён становіцца заўважным грамадскім лідарам амаль адразу. Да прыкладу, адзін з вядомых грамадскіх актывістаў Алесь Мазанік ужо падчас выпрабаванняў правёў дзясяткі віктарынаў па школах. А Павал Дзюсекаў, каб стаць пераможцам, правёў дзевяноста «Шоу беларушчыны». Курс трывае да траўня, і падчас выніковага летніка лепшыя дыджэі будуць уганараваныя, а пераможца будзе абвешчаны магістрам «Ордэна дыджэяў» – гэта арганізацыя з выпускнікоў дыджэяў, якія былі падрыхтаваныя ад 1999 года» – распавёў Павел Севярынец.

МЯ, паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары