Начальнік менскай міліцыі пра рэпрэсіі: Гэта ўсё – плод вашай фантазіі


Акцыя ў Менску

Некалькі дзясяткаў беларусаў прыйшлі на акцыю ўшаноўвання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

У Менску на ўдзельнікаў акцыя ля будынку КДБ склалі пратаколы. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Belsat.eu.

«Малады фронт» заклікаў неабыякавых беларусаў 29 кастрычніка а 19-й гадзіне прыйсці да будынку КДБ – каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Выніковы відэарэпартаж пра акцыю

«У акцыі бяруць удзел некалькі дзясяткаў чалавек. На прыступках КДБ паставілі знічкі, а таксама партрэты рэпрэсаваных асобаў. Вельмі шмат супрацоўнікаў у цывільным – па перыметры будынку, і за помнікам Дзяржынскаму», – паведаміў з месца падзеяў карэспандэнт Belsat.eu.

На акцыі з прамовай выступіў Мікола Статкевіч. На ўсіх удзельнікаў акцыі пачалі складаць пратаколы. Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч прыйшоў на акцыю са спазненнем – яго затрымлівалі ДАІшнікі, заявіўшы, што аўта Змітра знаходзіцца ва ўгоне. Яшчэ раней, калі Зміцер Дашкевіч перасякаў беларуска-літоўскую мяжу, пэўны час яго пратрымалі беларускія памежнікі.

Зміцер Дашкевіч уступіў у славесную перапалку з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым, які заявіў, што можа скончыць «увесь гэты карагод».

На заўвагу Дашкевіча пра тое, што гэта акцыя памяці рэпрэсаваных, Барсукоў заявіў: «Гэта ўсё – плод вашай фантазіі».

79 гадоў таму ў сутарэннях КДБ забілі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў