У Менску мужчына адстрэльваўся ад міліцыянтаў з сігнальнага рэвальвера


Міліцыянты патрабавалі дакументы ад мужчынаў, што пілі піва на вуліцы, але адзін з іх нечакана дастаў пісталет.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 31 ліпеня, аднак прэс-служба менскай міліцыі паведамляе пра яго толькі цяпер. Два жаўнеры ўнутраных войскаў патрулявалі тэрыторыю ў раёне вуліцы Каліноўскага ў Менску. Яны заўважылі траіх мужчынаў, што пілі піва і шумелі. Паводле прэс-службы, міліцыянты падышлі да іх і пачалі патрабаваць дакументы, пачалася сварка, падчас якой адзін з мужчынаў штурхнуў міліцыянта, а другі прыпадняўшы кашулю прадэманстраваў рэвальвер.

Міліцыянты, пабачыўшы зброю, адбеглі на бяспечную адлегласць і схаваліся за дрэвамі. Хаваючыся, пачалі сачыць за ўзброеным парушальнікам.

«Узброены мужчына ўвесь час азіраўся і скіроўваў рэвальвер у бок байцоў, што вытрымлівалі адлегласць у 40-50 метраў і паспявалі схавацца. Падлавіўшы момант, калі паміж ім і ваенаслужачымі была адкрытая прастора, ён рэзка спыніўся, прыцэліўся і стрэліў па вайсковым нарадзе, пасля чаго ўцёк у двары», – паведамляе прэс-служба міліцыі.

Тым часам іншы нарад міліцыі заўважыў падазронага мужчыну, які хаваўся за машынамі. Адзін з міліцыянтаў падскочыў да яго, схапіў за каўнер і збіў з ног ударам пад калена. Прыціснуўшы мужчыну да зямлі, міліцыянты надзелі на яго кайданкі. Аднак пры сабе зброі ў мужчыны ўжо не было. Сігнальны рэвальвер «Ekol Viper 2.5» знайшлі непадалёк у кустах.

Яшчэ двое мужчынаў, якія былі датычныя да інцыдэнту, самастойна здаліся ў міліцыю.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў