У Менску могуць паставіць помнік Быкаву з пяціканцовай зоркай


У Менску можа быць усталяваны першы помнік Васілю Быкаву – класіка беларускай літаратуры хочуць адлюстраваць са сталом у форме чырвонай пяціканцовай зоркі.

Кожная з граняў зоркі сімвалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменніка.

Праект помніка стварылі скульптар Аляксандр Батвінёнак і архітэктар Армен Сардараў, падае zviazda.by.

Яшчэ ў 1982 годзе скульптар Батвіёнак задумаў кампазіцыю – прысвячэнне франтавікам Беларусі ў якасці сваёй дыпломнай працы. У тым варыянце Васіль Быкаў быў апрануты па-вайсковаму і быццам бы даваў прысягу. Праца трапіла на выставу, дзе яе набыла Акадэмія навук. Сучасны ж праект быў задуманы ўжо як помнік.

«Ідэя – у першую чаргу ў папулярызацыі твораў Быкава, – тлумачыць Аляксандр Батвінёнак. – Для гэтага і выкарыстоўваюцца радкі з яго кніг. Гэта праслаўленне Быкава нават не як чалавека, з любымі яго праблемамі і асабістым жыццём, а як аўтара выдатных тэкстаў».

Сам вобраз створаны на аснове асабістых успамінаў аўтараў.

Адным з ініцыятараў праекту стаў старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Манумент плануецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава.

«Я мяркую, што калі цяпер такі помнік у Менску з’явіцца, гэта стане надзвычай важнай падзеяй, – лічыць Аляксандр Батвінёнак. – На фоне таго, што адбываецца ў нашых суседзяў, калі знішчаецца памяць цэлых пакаленняў, калі слова «фашызм» перастае ўжывацца толькі ў гістарычным кантэксце, вобраз Быкава можа паказаць наша стаўленне да гэтага. Бо Васіль Уладзіміравіч быў самым зацятым барацьбітом з фашызмам, прычым ва ўсіх сэнсах. І самае галоўнае – за аўтара ўсё скажуць словы з яго твораў».

Васіль Быкаў стаўся адным з самых вядомых аўтараў беларускай літаратуры. Ягоныя кнігі перакладзеныя на шматлікія мовы свету. У 1988 годзе Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Бескампраміснасць прозы Быкава часта станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў ачарненні савецкага ладу. Васіль Быкаў не прымаў дыктатуру Аляксандра Лукашэнкі ды крытыкаваў адраджэнне савеччыны ў Беларусі. Апошнія гады жыцця Васіль Быкаў правёў за мяжою – пры ягоным стане здароўя пісьменніку цяжка было зносіць напады за ягоную пазіцыю.

МЯ, паводле zviazda.by

Стужка навінаў