У Менску міліцыя схапіла ўдзельнікаў велапрабегу, білі па тварах і ў жываты


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=PXqfXVJe-pg”][vc_column_text]Вечарам 29 красавіка было затрымана не менш за шэсць раварыстаў – удзельнікаў «Крытычнай масы», паведамляюць праваабаронцы.

Каля 35 чалавек сабралася сёння каля Опернага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць пра правы раварыстаў на дарозе. Таксама на месцы збору былі заўважаныя 10 міліцыянтаў у цывільным, чатыры АМАПаўцы. За падзеямі сачыў назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Кірыл Кажэнаў, які ехаў па ходніках у канцы калоны.

Пазней канец калоны раварыстаў падрэзаў бардовы мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі шэсць чалавек, у тым ліку і назіральніка БХК. Маладых людзей закінулі ў аўтобус тварам у падлогу, наносілі ім удары ў жываты і па тварах. Зверху на затрыманых закінулі ровары і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Магчыма, затрыманая большая колькасць удзельнікаў «Крытычнай масы».

У РУУС інфармацыю пра затрыманні не пацвярджаюць. Вядома, што адзін з затрыманых грамадзянін Расеі Пахомаў Дзмітрый. Таксама сярод затрыманых Аляксей Адамовіч, Стас Барэцкі, Аляксей Круглакоў.

«Такога ніколі не было дагэтуль. Самае жорсткае прэсаванне было перад выбарамі: пару ДАІшнікаў, мікрааўтобус з АМАПам. А сёння проста жэсць нейкая, паляванне!» – кажа адзін з удзельнікаў велапрабегу.

Назіральнікі, якія прысутнічаюць каля РУУС, бачылі праз вакно, як хлопцаў па чарзе падводзілі да стала і давалі распісацца ў паперах. Потым усіх затрыманых паставілі тварам да сцяны, а ў гэты час да будынку падʼехаў бардовы мікрааўтобус, у якім прывезлі хлопцаў.

Каля 23:30 аднаго з хлопцаў адпусцілі. Ён паведаміў, што затрыманымі застаюцца яшчэ 5 чалавек, усіх прымушалі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Двое хлопцаў адмовіліся гэта рабіць, у іх забралі асабістыя рэчы, у тым ліку шнуркі.

Выпускаюць іншых затрыманых, з пастарунку выкатваюць іхныя ровары. Але дваіх, што не падпісалі пратаколы, відавочна, адвязуць ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

МЯ, паводле spring96.org[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў