У Менску махлююць з бюлетэнямі для галасавання


Сябра Менскай гарадской выбарчай камісіі ад Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч выкрыў маніпуляцыі з бюлетэнямі для галасавання. Ён вырашыў абыйсці ўчастковыя камісіі і зверыць колькасць выдадзеных бюлетэняў выбарцам і рэальную колькасць подпісаў выбарцаў, якія атрымалі бюлетэні і ўласнаручна распісаліся за іх у журнале.

Па стану на раніцу 8 кастрычніка на выбарчым участку №25 Савецкага раёну Менску было выдадзена 146 бюлетэняў, аднак распісалася за бюлетэні ўсяго 109 чалавек, падае сайт pvby.org.

На выбарчым участку № 26 гэтага ж раёну Менску выдалі 351 бюлетэнь, аднак распісалася за іх – 162 выбарнікі.

Раніцай 9 кастрычніка на выбарчым участку № 49 Савецкага раёну Менску, за тры дні датэрміновага галасавання было выдадзена 308 бюлетэняў, аднак на раніцу ў журнале выдачы бюлетэняў было ўсяго 170 подпісаў выбарцаў.

У сувязі з інцыдэнтам прадстаўнік кампаніі «Права выбару-2015» Зміцер Каспяровіч накіраваў дакладную запіску на імя старшыні гарадской выбарчай камісіі.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Дзяніс Садоўскі лічыць, што таму ўлада і не ўключае ў склад камісій рознага ўзроўню прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацыяў, каб было цяжэй ускрыць падобныя факты маніпуляцыі з бюлетэнямі для галасавання.

«Выяўленыя парушэнні сведчаць пра тое, што чальцамі ўчастковых выбарчых камісій штучна завышаецца яўка выбарцаў і адбываецца ўкідванне бюлетэняў«, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.

У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, »Гавары праўду!», «Рух »За Свабоду!», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.

Галоўнай мэта кампаніі – абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў.

МЯ, паводле pvby.org

Стужка навінаў