У Менску кіроўца тралейбуса і мінак напалі на студэнтаў, якія фатаграфавалі транспарт

video

Кіроўца тралейбуса з выпадковым мінаком агрэсіўна спрабавалі забраць тэлефоны ў двух студэнтаў, якія дзеля хобі здымаюць гарадскі транспарт.

Група маладых людзей дзеля хобі ездзіць па горадзе і робіць фатаграфіі грамадскага транспарту сталіцы. Нягледзячы на тое, што такі занятак падаецца цалкам бяскрыўдным і бяспечным, у іх пастаянна ўзнікаюць канфлікты з кіроўцамі. Праўда, як сцвярджаюць аўтары роліка, дагэтуль на іх ніхто не нападаў. У гэты ж раз кіроўца ўсяляк спрабавала справакаваць канфлікт і завалодаць мабільным тэлефонам аператара для выдалення здымкаў. У гэтым ёй дапамагаў выпадковы мінак, які, злавіўшы, пачаў штурхаць аднаго з хлопцаў ды цягнуць яго за вопратку. Рэшта відавочцаў засталася раўнадушнай і не заступілася за хлопцаў.

Інцыдэнт адбыўся каля станцыі метро Каменная Горка. Пакіданне працоўнага месца кіроўцам прывяло да вялікіх затораў з аўтобусаў і тралейбусаў, парушыўшы графік руху грамадскага транспарту.

Кожны грамадзянін Беларусі можа свабодна рабіць фота- і відэаздымкі ў грамадскім месцы паводле артыкулу № 34 Канстытуцыі Беларусі ды артыкулаў № 6 і № 16 Закону «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

Заканадаўства Беларусі часта парушаюць міліцыянты, якія пераследуюць грамадзянаў за здымкі, зробленыя ў публічным месцы. Да прыкладу, сёлета фрылансера Кастуся Жукоўскага ўжо сем разоў каралі штрафам за тое, што ягонае відэа, зробленае ў грамадскіх месцах, паказаў «Белсат». Спадар Жукоўскі сплаціў сёлета больш за Br 50 млн штрафаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары