У Менску для турыстаў выпусцілі ў продаж Картку госця


Электронная картка ўключае наведванне музеяў і экскурсій, праезд, а таксама выгадныя прапановы ад гасцініц, рэстаранаў і пракату транспартных сродкаў.

Картка створана на базе праязнога білета. Можна набыць варыянт на тэрмін да 3-х содняў (картка ў асноўным разлічана на карыстальнікаў 5-дзённага бязвізу).

Як піша газета «Звязда», картка дае права безлімітнага праезду на наземных відах транспарту і на дзесяць паездак на метро, а таксама магчымасць наведвання 74 аб’ектаў у Менску і за яго межамі бясплатна або па спецыяльнай цане. Сярод іх 37 музеяў, у 13 з якіх з экспазіцыяй можна азнаёміцца бясплатна: напрыклад, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, музеі архітэктурных мініяцюр «Краіна міні», Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. 16 гасцініц, восем гандлёвых сетак, два турыстычныя аўтобусы, пракаты аўтамабіляў і веласіпедаў даюць зніжкі на свае тавары і паслугі ад 5 да 50 %. Цана карткі – 45, 60 і 78 рублёў адпаведна колькасці дзён.

Набыць картку можна ў інфармацыйна-турыстычным цэнтры на чыгуначным вакзале і ў Верхнім горадзе. У найбліжэйшы час стэнд «Менгардаведкі» зʼявіцца і ў Нацыянальным аэрапорце. Замовіць картку можна і анлайн.

 

ІІ, belsat.eu. Фота – zviazda.by

Стужка навінаў