Батарэі працуюць – кватэры затапляе. Чаму гэта здараецца і як пазбегнуць патопу?


Запрацавалі батарэі – затапіла кватэры. Пасля ўключэння ацяплення ў сталічным доме № 9 па вуліцы Цэнтральнай прарвала трубу. У выніку гарачаю вадою заліло кватэры на ўсіх 4 паверхах у двух пад’ездах.

«Датэлефанаваўся ў ЖКГ, там сказалі, што хутка прыедзе аварыйная, але так як яна не прыехала, мы проста сядзелі ў пад’ездзе, проста не было магчымасці зайсці ў кватэру, так як проста ліла паўсюль, і мы проста чакалі, пакуль гэта вада перастане цекчы», – падзяліўся ўражаннямі Максім Курловіч.

Чакаць на перакрыццё вады давялося дзве гадзіны.

Дом мае драўляныя перакрыцці, якія цалкам прамоклі. У выніку патопу шмат у каго паадвальвалася тынкоўка, нацяжныя столі ды нават дранка. Шмат у якіх кватэрах пачало караціць або абарвалася праводка, цяпер прыходзіцца разграбаць наступствы патопу ў цемры.

Праблема ў састарэлым абсталяванні

Жыхары кажуць, што капітальны рамонт з заменаю сістэмаў ацяплення і водазабеспячэння ў іхным доме мусілі правесці яшчэ ў 2014 годзе, але адклалі. Цяпер з падачаю напругі трубы прарвала адразу ў некалькіх месцах.

«Асноўная нагрузка паляцела на тыя кватэры, над якімі прарвалася асноўная частка сістэмы ацяпляльнай, але і мы пацярпелі, наша заля пацярпела. Гэта здарылася ад таго, што і батарэі рвуцца ў людзей. Адпаведна ўсё патрабуе абнаўлення і рамонту», – патлумачыла Юлія Баранава, жыхарка дому.

Цяпер жа абнаўленне патрэбнае не толькі сістэме камунікацыі, сценам, столі ды падлозе – пашкоджаная мэбля ды электраабсталяванне.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў