У Менску адзначылі 40 дзён па Алесю Чаркашыну

photo

На вечары памяці Алеся Чаркашына прэзентавалі кружэлку, куды ўвайшлі і два аўтарскія запісы загінулага актывіста.

Вечарыну памяці ў офісе БНФ зладзілі актывісты БХД, «Маладога фронту», ініцыятывы «Абаронім Курапаты» і інш.

«Ён загінуў на вайне, але ўвесь час думаў пра мір. Ён быў побач на Плошчы ў 2010 годзе і першым заклікаў спыніць там правакацыі, якія маглі прывесці да ахвяр», – згадаў пра берасцейца сябра БХД Віталь Рымашэўскі.

Былы палітзняволены Мікалай Статкевіч заклікаў быць гатовым бараніць Беларусь, як зараз патрыёты Украіны бароняць сваю краіну, перадае «Радыё Свабода». Уладзімір Някляеў зачытаў вершы, прысвечаныя змагарам за Украіну.

У сваю чаргу «Малады фронт» падрыхтаваў кружэлку са студыйнымі запісамі, на якую патрапілі і два аўтарскія спевы Алеся Чаркашына. Адна з песень, якую Алесь напісаў у перапынках паміж баямі пад Данецкам, называецца «Не здавайся».

На вечарыне выступіла маці Міхася Жызнеўскага – першага беларуса, які загінуў на Майдане ў лютым 2014 года.

«Калі Мішу хавалі, наша вёска была ачэпленая машынамі з супрацоўнікамі КДБ. Ведаю, што і пасля пахавання Алеся на сваякоў накінуліся з КДБ – чаму пахавалі на ўскраіне гораду, хто даў дазвол? Нібыта і тут парадніліся лёсы нашых сыноў, якіх улады Беларусі працягваюць лічыць бандытамі», – заўважыла Ніна Жызнеўская.

33-гадовы беларус, былы старшыня берасцейскай гарадской арганізацыі БХД Аляксандр Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сектару». 10 жніўня ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы, прабыўшы некалькі тыдняў у коме.

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Глядзі таксама
Каментары