У Менску аднавіўся судовы працэс над Эдуардам Пальчысам


Перад 10-цю гадзінамі пад Менскім гарадскім судом былі Алесь Макаеў і Павал Севярынец. Як толькі яны разгарнулі сцягі і сталі скандаваць лозунгі да іх падышлі міліцыянты ў форме

«Ну што, паехалі!»Павал Севярынец бадзёра звяртаецца да чалавека ў цывільным. Той смяецца ў адказ, дае знак маладзейшым супрацоўнікам і яны ўключаюць відэакамеры.

На ўсіх, хто прыходзіць на пікеты салідарнасці з Эдуардам Пальчысам, складаюць адміністрацыйныя пратаколы. У Паўла Севярынца і Алеся Макаева гэта трэцяе парушэнне за апошнія дні.

Сёння ў суседнім будынку – у судзе Фрунзенскага раёна, адбудзецца суд за акцыю пратэсту 12 верасня супраць вынікаў апошніх выбараў у парламент. Павал Севярынец гаворыць пра гэта з жартамі, маўляў, што ён ужо на месцы, адыдзе толькі з пікету, каб забраць пастанову.

Таксама палітык з гумарам кажа і пра тое, што «сёння з іх павінны пылінкі здзьмухаць». Пасля абеду лідары апазіцыі маюць сустрэцца з намесніца памочніка Дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджэт Брынк. Паводле Севярынца, сярод пытанняў павесткі дня – крэдыт МВФ для Беларусі.

Закрыты працэс над стваральнікам сайта 1863x.com адбываецца ў гэтыя дні ў Менскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы і распаўсюдзе парнаграфічнай прадукцыі.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў