У Менску адкрываюць стадыён «Дынама». Цікавыя факты пра арэну


Рэканструкцыя стадыёна цягнулася з канца 2012-га па чэрвень 2018 года.

Каштуе менш за $ 200 млн

Спачатку будаўнікі арыентаваліся на $ 200 млн, але, паводле непацверджанай афіцыйна інфармацыі, змаглі зрабіць арэну больш бюджэтнай. Вугорская кампанія збіралася цалкам знесці стадыён і пабудаваць новы за $ 173 млн, немцы – рэканструяваць з захаваннем гістарычнага вобразу за $ 208 млн. У выніку будавалі беларусы.

Завод, што вырабляў металаканструкцыі, збанкрутаваў

Маладзечанскі завод металаканструкцыяў ініцыяваў сваё банкруцтва. Аднак гаворка пра яго ліквідацыю не ідзе. Будзе праведзеная санацыя прадпрыемства. Завод вырабіў металаканструкцыі для «Дынама». Затрымка ў іх пастаўцы стала адной з прычынаў пераносу тэрміну здачы арэны на чэрвень 2018 году.

За гады суверэнітэту ўмяшчальнасць «Дынама » толькі змяншалася

У фільме дзяржтэлебачання «Цэнтральны стадыён» быў зроблены гістарычны экскурс. Атрымалася, што ў савецкі перыяд умяшчальнасць арэны толькі павялічвалася, а ў часы незалежнай Беларусі – толькі змяншалася:

1934 год – 10 000 гледачоў

1939 – 12 000

1954 – 35 000

1980 – 50 050

1996 – 34 000

2018 – 22 246

Лукашэнка будзе на адкрыцці, за 1,5 гадзіны да пачатку зачыняць уваходы

Праход на трыбуны спыняць за паўтары гадзіны да пачатку футбольнага матчу. Гэта вынікае з фотаздымкаў запрашальных квіткоў, апублікаваных у інтэрнэце. На буклеце напісана, што ўвайсці на стадыён можна будзе з 17:00 да 18:00, у той час як пачатак матчу паміж аб’яднанай камандай берасцейскага і менскага «Дынама» супраць зборнай клубаў Беларусі – а 19:30.

Адкрыццё спартовага аб’екту плануе наведаць Аляксандр Лукашэнка.

Меўся быць футбольны, а стаў лёгкаатлетычны

Перад пачаткам рэканструкцыі меркавалася, што ў 2018-м «Дынама» зможа прыняць фінал футбольнай Лігі Еўропы. Аднак пазней было вырашана зрабіць стадыён лёгкаатлетычным. Дарэчы, на наступны дзень пасля афіцыйнага «футбольнага адкрыцця, 22 чэрвеня, на «Дынама» будзе вялікая лёгкаатлетычная падзея – матч паміж зборнымі Беларусі, Украіны, Балканскіх краінаў і краінаў Балтыі.

Для матчу адкрыцця футбалістаў вырываюць з клубаў

Навіну пра ўдзел сваіх футбалістаў у матчы адкрыцця стадыёну трэнеры клубаў Вышэйшай лігі ўспрынялі па-рознаму. Некаторыя паціскалі плячыма, маўляў, трэба. А ёсць і тыя, хто раскрытыкаваў такую ініцыятыву, як галоўны трэнер жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» Алег Кубараў:

«Стаўлюся, натуральна, негатыўна. Кульгае трэнавальны працэс, за тыдзень прыдумалі гульню. Я планую працу на месяц. Вы прыходзіце на працу, вам кажуць, што трэба ехаць бульбу капаць, а вы ў касцюме. Прыдумалі шоу – запрасіце для шоу футбалістаў. У нас дастаткова гульцоў дарослыя, якія скончылі або заканчваюць. Такія як наш Панкавец, якія могуць прыйсці і паказаць шоу для гледачоў. Але гэта не праверка, ніякі не кантрольны матч, калі прыязджае Ледэсма (футбаліст «Віцебску»). Тое, што гэта робіцца для адкрыцця стадыёна, я прымаю і паважаю, але ў мяне ніхто не пытаў і не папярэдзіў. І за тыдзень кажуць, што ты павінен памяняць сваю працу, зрабіць так і так. І гэта я даведаюся з інтэрнэту. Ужо потым прыйшоў ліст».

НМ, belsat.eu, паводле By.tribuna.com, kraj.by

Фотаздымкі са старонкі у «Вконтакте» Tut.by

Стужка навінаў