У Менску адкрыліся школьныя кірмашы


Яны будуць працаваць да 10 верасня.

У сталіцы распачалі працу як вулічныя намёты са школьным асартыментам, гэтак і адмысловыя аддзелы ўнутры крамаў. Агулам актыўны гандаль школьнымі таварамі разгарнулі 56 менскіх крамаў і гандлёвых цэнтраў.

У гэтых месцах можна набыць дзіцячы абутак, адзенне, заплечнікі, вокладкі для кніг, сшыткі, паперу і канцылярскія тавары. Працаваць кірмашы будуць цягам двух месяцаў.

Чыноўнікі з галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму паведамілі «Інтэрфаксу», што сабраць школьніка малодшых класаў сёлета абыдзецца бацькам у суму ад Br 170 да Br 700, старшакласніка – ад Br 220 да Br 840. У гэтую суму ўваходзіць набыццё вопраткі, штодзённага і спартовага абутку, а таксама ўсе школьныя рэчы.

У новым навучальным годзе за парты менскіх школаў сядуць каля 179 тыс. вучняў, у першы клас пойдуць 23 тысячы дзяцей.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары