У Менску адчынілі першую кавярню для сыраедаў


Дэсерты без мукі ды цукру, натуральныя ліманады і карысныя снэкі – у Менску адкрылася першая кавярня для сыраедаў. Ежу тут гатуюць без тэрмаапрацоўкі, цукар замяняюць натуральным мёдам, а ў аснове большасці дэсертаў – сухафрукты і гарэхі.

«RAW Cafe» спецыялізуецца на так званай «сырой кухні» – прадукты не смажаць і не вараць, у выніку яны захоўваюць максімальную колькасць вітамінаў і карысных элементаў. Канцэпцыя кавярні – здаровы фаст-фуд, любую страву тут можна замовіць навынас.

Кошты на стравы памяркоўныя: смузі з садавіной і ягадамі каштуе каля 40 тысячаў за 200 мілілітраў, міні-сэндвіч з вяленымі памідорамі – 20 тысячаў. Узімку ў меню плануюць дадаць супы-пюрэ і стравы з сезоннай садавіны кшталту хурмы і цытрусавых.

Уладальнік кажа, што невялікія складанасці ўзніклі хіба з санстанцыямі – бо раней кавярняў такога фармату не было, і не было тэхналагічных мапаў. Але праект паспяхова запусцілі, і ў сацыяльных сетках ужо з’явіліся першыя пазітыўныя водгукі.

Цяпер «RAW Cafe» працуе ў тэставым рэжыме, але хутка можна будзе замовіць дастаўку на дом. Пакуль тут ёсць толькі тэраса, але ў планах гаспадароў – зрабіць залу, у якой можна будзе частаваць менчукоў смачнымі ды карыснымі стравамі.

Настасся Храловіч, «Белсат».

Стужка навінаў