У Менску адчынілі другі кантактны заапарк. Абаронцы жывёлы – супраць


Першы кантактны заапарк у Менску з’явіўся ўлетку. Сёння іх ужо два. Усе ахвочыя могуць не толькі заходзіць у вальеры да жывёлінаў, але і гладзіць іх, браць на рукі ды карміць. Абаронцы жывёлінаў лічаць такія ўстановы небяспечнымі як для людзей, гэтак і для саміх жывёлінаў.

У інтэрнэце ўжо з’явілася петыцыя з патрабаваннем праверыць, ці законна дзее сетка кантактных заапаркаў у Менску. У ёй актывісты сцвярджаюць, што звяркі штодзень цярпяць ад стрэсу.

НАСТАССЯ ЖАЎРЫД, ГА «ЭГІДА»:

«Наколькі я ведаю, чалавек там можа правесці не больш за тры гадзіны. Што казаць пра жывёл, якія жывуць там кругласуткава, у якіх няма магчымасці выйсці на свежае паветра, пагуляць па траве. Я думаю, што ніякімі ўвільгатняльнікамі паветра і лямпамі гэтыя ўмовы не палепшыць».

Па-другое, далёка не ўва ўсіх вальерах ёсць «дамкі», у якіх жывёліна можа схавацца ад людзей, адпачыць.

НАСТАССЯ ЖАЎРЫД, ГА «ЭГІДА»:

«Такога заканадаўства, якое тычыцца кантактных заапаркаў, у Беларусі няма. І я думаю, што гэтым як раз і скарысталася адміністрацыя кантактных заапаркаў і заснавальнікі гэтых заапаркаў».

Працаўнікі кантактнага заапарку «Краіна Яноція» не згодныя з меркаваннем актывістаў ды абаронцаў жывёлы.

АЛЯКСЕЙ ПРЫМАКОЎ, КУРАТАР СЕТКІ КАНТАКТАВЫХ ЗААПАРКАЎ:

«Напэўна, калі б сюды прыходзіла дзве тысячы чалавек у дзень, тады так, мы б сказалі, што яны атрымліваюць вялікі стрэс. А калі сюды прыходзяць за дзень каля двухсот асобаў, я не лічу, што яны атрымліваюць нейкі асабліва вялікі стрэс».

Прадстаўнік сеткі заапаркаў адзначае, што кампанія выконвае ўсе нормы адносна ўтрымання жывёлы, што прадугледжваюцца Міністэрствам прыроды.

АЛЯКСЕЙ ПРЫМАКОЎ, КУРАТАР СЕТКІ КАНТАКТАВЫХ ЗААПАРКАЎ:

«Мы атрымлівалі рэкамендацыі ад аўтастанцыі, ад Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя, гэта значыць па нормах ўтрымання звяроў, па тым, як павінна быць усё ўладкавана. Мы ўсё гэта робім, мы ўсё мяняем. І сумесна з Міністэрствам аховы навакольнага асяроддзя мы будзем ствараць свой рэгламент».

Наведнікі кантактнага заапарку ніякіх праблемаў ва ўтрыманні жывёлінаў у няволі не бачаць.

У Францыі, Галандыі, ЗША ды іншых краінах свету кантактных заапаркаў у гандлёвых цэнтрах проста не існуе.

Дарыць людзям станоўчыя эмоцыі – справа безумоўна добрая. Аднак, не варта забываць і пра тых, хто гэтыя эмоцыі дорыць.

Валерыя Уласік, «Белсат»

Стужка навінаў