У менскім метро знялі рэкламу канцэрта Вольскага


Адзін дзень правісела ў менскім метро рэклама канцэрта Лявона Вольскага 8 траўня ў Вільні.

У пятніцу 31 сакавіка яе павесілі на ўваходзе на станцыю «Кастрычніцкая», напрыканцы суботы, 1 красавіка, яе ўжо не было.

Рэклама канцэрту правісела роўна адзін дзень.

«Рэкламу размясцілі паводле ўсіх правілаў – з папярэднім ўзгадненнем макету і 100 %-ай перадплатай за два тыдні наперад. Але ўвечары 1 красавіка яе ўжо не было. Аналагічная сітуацыя з другім шчытом – на станцыі «Няміга». З пункту гледжання логікі сітуацыя цалкам абсурдная. Мы будзем дамагацца тлумачэнняў», – распавядае арганізатар канцэрту Зміцер Каспяровіч.

Днямі арганізатары канцэрта Лявона Вольскага ў Вільні абвесцілі, што выдаткоўваюць 50 бясплатных запрашальных квіткоў для тых, каго прысудзілі да адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі на Дзень Волі. Звяртацца па запрашальнікі да арганізатараў трэба да 15 красавіка.


Вялікі сольны канцэрт Лявона Вольскага мае адбыцца 8 траўня ў віленскім клубе Vakaris Vilnius. Музыка разам з беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць 2,5-гадзінную праграму «172» – ад «Мроі» да «Псіхасаматыкі».

Кошты квіткоў: танцпол – 49 руб., месца за столікам – 69 руб.. Беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы. Пакрокавая інструкцыя і інфармацыя па квітках на сайце www.turmuz.by.

Глядзі таксама
Каментары