Відавочца: у менскім метро сутыкнуліся два цягнікі


Менскае метро, ілюстратыўнае фота

Belsat.eu стала вядома пра інцыдэнт, які здарыўся ў менскім метрапалітэне: на пераездзе са станцыі «Кастрычніцкая» да «Плошчы Леніна» забуксаваў цягнік, у выніку чаго ў яго ўехаў другі цягнік.

Пра гэта распавяла нам сведка інцыдэнту Паўліна.

Цягнік, у якім знаходзілася дзяўчына, прыкладна ў 17.40-17.50. рухаўся з «Кастрычніцкай» да «Плошчы Леніна». Раптам пасажыры адчулі пах гару і цягнік пачаў буксаваць. Сувязі з машыністам пры гэтым не было.

«Праз некалькі хвілінаў у нас уехаў цягнік – то бок не спрацавала аўтаматычная сістэма, якая папярэджвае, што наперадзе ёсць іншы цягнік. Ад удару ўсе паваліліся. Я не бачыла, каб хтосьці цяжка пацярпеў, але вось я ўдарылася галавою. Цяпер выклікалі «хуткую», каб зафіксаваць, што са мною здарылася», – распавядае Паўліна.

Паводле Паўліны, цягнік, што здзейсніў наезд, атрымаў пашкоджанне шкла і люстэрак.

«Наколькі я разумею, цягнік, які ў нас уехаў, тармазіў, але не змог перадухіліць аварыю. То бок здарыццы магло што заўгодна», – дадае яна.

У прэс-службе менскага метрапалітэну кажуць пра праблемы з рухам цягнікоў, але пра сутыкненне не паведамляюць.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары