У менскіх офісах «Белсату» адбыліся ператрусы. Стрым


У нашых менскіх офісах адбыліся ператрусы.

Фармальная прычына ператрусаў – «незаконнае выкарыстанне таварнага знаку». Заведзена адміністрацыйная справа па факце выкарыстання таварнага знаку на тэрыторыі Беларусі.

14:22 Стала вядома, што скарга прыйшла ў Першамайскі РУУС 16 сакавіка.

13:50 Міліцыянты пацвердзілі, што Алесь у іх, яго зараз апытваюць, статус не вызначаны. Чакаем начальніка РУУС. У пастарунак прыбыла праваабаронца Алена Красоўская. Яна на прыеме ў начальніка РУУС.

13:35 У інтэрв’ю svaboda.org  дырэктар тэлеканалу «Белсат» паведаміла:

Гэта выразная атака на «Белсат». Я так разумею, што гэта своесаблівы падарунак на нашае 10-годдзе.

13:20 Да Алеся едзе праваабаронца Алена Красоўская.

12:58 У РУУС Першамайскага раёну Менска паведамілі, што Алеся Любянчука ў іх няма, але інфармацыю можна ўдакладняць па тэлефоне 8 017 280 02 02. Чакаем на навіны пра нашага аператара цягам 3 гадзінаў.

12:35 Аператара «Белсату» Алеся Любянчука затрымалі і вязуць у Першамайскі РУУС.

12:22 Выносяць тэхніку з офіса тэлеканала «Белсат» на вуліцы Кастрычніцкай. Забіраюць камп’ютары, маніторы.

«Відавочна, што асноўная мэта сённяшніх вобшукаў – гэта паралізацыя нашае працы з тэхнічнага боку, яны хочуць ускладніць працу журналістам», каментуе Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу.

12:15 Да пад’езду прыехала машына без нумароў. Імаверна, па тэхніку. Міліцыянты стаяць каля пад’езда і здымаюць ўсё на камеру.

11:55 Журналісты розных выданняў, прадстаўнікі БАЖ сабраліся каля офіса «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай. Невядома, што адбываецца ў памяшканні. Каля пад’езду знаходзяцца міліцыянты, кажуць, што праводзіцца следчы эксперымент.

«Пакуль што мы бачым кропкавыя рэпрэсіі ў дачыненні да «Белсату». Я думаю, што гэта з-за онлайн-трансляцый, якія Белсат паспяхова робіць і якія дазвалюць бачыць усё ў напроставым эфіры», кажа Барыс Гарэцкі, прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сёння раніцай журналістка «Белсату» прыкладна а 9:15 прыйшла да офісу на вул. Кастрычніцкай. Там каля ўвахода стаяў міліцыянт, але ён быў адзін і больш ніякіх падазроных машын ці людзей не было. Міліцыянт запытаўся, да каго ідзе дзяўчына, на што яна назвала нумар кватэры і сказала, што ў яе там прызначана сустрэча. На што супрацоўнік міліцыі адказаў што ў 41-й кватэры адбываюцца следчыя мерапрыемствы і ён нікога не прапускае.

У офісе, калі туды ўварваліся міліцынты, знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук. Цяпер ён не адказвае на тэлефанаванні, але тэлефон не адключаны.

У офісе «Белсату» на Акадэміі навук таксама адбыўся ператрус.

10:50 Журналіст Алесь Залеўскі ўвайшоў у офіс «Белсату» . Сілавікі вынеслі усю тэхніку і нават банер з надпісам «Белсат». Тэхніку пагрузілі у белы мікрааўтобус. Таксама бачна, што міліцыянты праглядалі працоўныя паперы журналістаў.

10:43  Стала вядомая фармальная прычына ператрусаў. Міліцыя Менску заяўляе, што праваахоўнікі ладзяць праверанне па факце «незаконнага выкарыстання таварнага знаку».

«У выніку зладжаных праверачных мерапрыемстваў працаўнікі міліцыі ўстанавілі кола асобаў, якія выкарыстоўваюць указаны таварны знак парушаючы арт.9.21 КаАП. Дзеля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па месцы іх знаходжання ажыццявілі выняццё аўдыё- і відэатэхнікі, камʼютарнага абсталявання» – паведамляе прэс-служба менскай міліцыі.

У верасні 2014 году Вярхоўны Суд задаволіў пазву Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць назву, гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі і на інтэрнэт-старонцы.

З пазовам супраць «Белсату» выступіў Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс». Ён патрабаваў забароны выкарыстання таварнага знаку «Белсат ТВ» нібыта праз тое, што людзі асацыююць таварны знак ягонага прадпрыемства з тэлеканалам «Белсат».

10:31 Кіраўнік аддзелу інфармацыйных праграмаў «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі звязвае ператрусы з актыўным асвятленнем у эфіры і на сайце тэлеканалу акцый пратэсту супраць Дэкрэту №3 і разгону Дня Волі. «Гэта раззлавала ўлады, бо мы яшчэ маем такі рычаг і магчымасць вывесці “карцінку” на экран, а не толькі паказаць у інтэрнэце. Цяпер улады намагаюцца абмежаваць інфармацыю пра пратэсты. Першыя сімптомы гэтага мы бачылі яшчэ ў першай палове сакавіка, калі пачалі затрымліваць нашых журналістаў. “Белсат” гатовы да гэткіх дзеянняў. Навіны на нашым тэлеканале будуць выходзіць нягледзячы ні на што», – падкрэсліў Дзікавіцкі.

10:23 З белсатаўскага офісу забралі тэхніку – паведамляе журналіст Алесь Залеўскі.

У праграмны офіс каля станцыі метро «Акадэмія навук» прыйшлі міліцыянты з прадпісаннем пракуратуры.

Журналістка «Белсату» спрабавала патрапіць у офіс а 9:20. У гэтіы час ля ўваходу ужо стаяў міліцынят, які паведаміў, што на месцы адбываюцца “следчыя мерапрыемствы”. У гэты момант у офісе маглі знаходзіцца прынамсі двое нашых калегаў. Невядома, ці дзверы міліцынятам адчынілі, ці яны іх выбілі.

Нашыя журналісты сведчаць, што каля офісу ў двары вельмі часта назіраліся міліцэйскія аўтамабілі.

ВЧ, ВД, belsat.eu

Стужка навінаў