У менскага пенсіянера скралі заплечнік з $ 6 тыс.


У Менску па гарачых слядах раскрылі крадзеж. Пра інцыдэнт распавялі ў РУУС Завадскога раёну Менску.

Жыхар гэтага раёну звярнуўся ў міліцыю і паведаміў, што невядомыя скралі ягоны заплечнік, у якім знаходзілася буйная сума грошай. Пацярпелым аказаўся 76-гадовы мужчына, які ў той дзень збіраўся разам са сваім сынам выехаць за горад на дачны ўчастак.

Сабраўшы рэчы (тры скрыні, дзве сумкі і заплечнік), мужчына стаў выносіць іх на вуліцы, пакінуўшы частку ля ліфта на першым паверсе. Вярнуўшыся ў пад’езд, мужчына не знайшоў заплечнік, у якім былі $ 6 тыс.

Яны апынуліся ў руках трох беспрацоўных: аднаго з жыхароў пад’езду, а таксама двух ягоных сяброў. Ужыўшы спіртныя напоі, адзін з зламыснікаў накіраваўся на лесвічную пляцоўку. Пабачыўшы пакінуты без нагляду заплечнік, забраў яго. Пасля з вялізнай сумай грошай пайшоў да сяброў. Мужчыны пароўну падзялілі скрадзеныя грошы паміж сабой, якія знайшлі ў іх пры затрыманні. Што праўда, вярнулі ўласніку не ўсю суму, а толькі $ 5,5 тыс. – частку грошай адзін з затрыманых выдаткаваў на мабільны тэлефон і тры камплекты жаночай бялізны для сваёй знаёмай.

Супраць парушальнікаў Завадскі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле часткі 3 арт. 205 («Крадзеж») Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў