У Менск прыехаў новы беларускамоўны дыпламат з Польшчы


23 жніўня ў Беларусь прыбывае Матэвуш Адамскі, які цягам чатырох гадоў будзе кіраваць Польскім інстытутам у Менску – установай, якая з 1994 года займаецца так званай «культурнай дыпламатыяй» Польшчы ў Беларусі.

Пра спадзяванні і планы дзейнасці Польскага інстытуту, а таксама тое, чаго варта чакаць жыхарам Беларусі, з новым дырэктарам установы Матэвушам Адамскім гутарыць Зміцер Косцін.

Сёння Вы афіцыйна пачынаеце сваю працу на пасадзе дырэктара Польскага інстытуту ў Менску – культурнай установы, якая дзейнічае пры польскім дыпламатычным прадстаўніцтве ўжо доўгія гады. З якой місіяй Вы пачынаеце гэтую працу на пасадзе дырэктара?

Я перадусім вельмі рады, што перасякаю польскую мяжу на хвалях Беларускага Радыё Рацыя і што Радыё Рацыя – гэта першае СМІ, з якім я размаўляю ў пачатку маёй місіі ў Беларусі.

Сэнс маёй місіі – пашыраць, ствараць, будаваць і развіваць. Пашыраць веды пра Польшчу і польскую культуру ў беларускім грамадстве. Ствараць пазітыўны вобраз Польшчы. Будаваць добрыя дачыненні з беларусамі і Беларуссю. І развіваць кантакты паміж Польшчай і Беларуссю ў сферах культуры, мастацтва, адукацыі і навукі. У гэтай дзейнасці заключаецца асноўны сэнс публічнай і культурнай дыпламатыі, якой займаецца Польскі інстытут у Менску. Хачу падкрэсліць, што гэта больш, чым толькі культура.

Польскі інстытут у Менску працуе ўжо 22 гады, з 1994 года. Шмат было зроблена Вашымі папярэднікамі. З якімі новымі планамі, ідэямі Вы пачынаеце сваю працу?

У Менску працуе выдатная каманда, выбітныя адмыслоўцы ў сваіх галінах. Я шчаслівы, што магу далучыцца да гэтай каманды. Гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць: каб нічога не сапсаваць. Інстытут працуе паводле плана на ўвесь год, і я думаю, што разам з калектывам мы неўзабаве пачнём рыхтаваць план ужо на 2017 год. У вас будзе магчымасць знайсці там мае ідэі і прапановы.

Майму сэрцу блізкія літаратурныя праекты, дакументальнае кіно. Я 16 гадоў працаваў на польскім тэлебачанні, таму гэта натуральна. Таксама музыка, у тым ліку джаз, фанатам якога я асабіста зʼяўляюся. Польскі джаз выдатны і папулярны ў Беларусі. Гэтыя музычныя мерапрыемствы выклікаюць вялікую цікавасць у публікі, таму мы дакладна будзем развіваць гэтыя сферы.

Мы ўжо чуем, што Вы выдатна валодаеце беларускай мовай. Можна сказаць, што Вы адзін з нешматлікіх супрацоўнікаў дыпкорпуса ў Беларусі, які не толькі ведае, але і карыстаецца беларускай мовай. Ці Вы адмыслова вучылі беларускую мову, рыхтуючыся да працы ў Беларусі? І ці надалей польская культура і літаратура будуць трапляць да беларусаў на іх роднай мове?

У мяне самы цудоўны настаўнік беларускай мовы, а насамрэч настаўніца. Гэта мая жонка, з якой я пазнаёміўся ў Польшчы. Яна паказала мне Беларусь. Я закахаўся другі раз, бо адкрыў, што вельмі блізка, літаральна побач з Польшчай, за 200 кіламетраў ад польскай сталіцы, пачынаецца прыгожая, цудоўная краіна з захапляльнай гісторыяй, з цікавымі людзьмі, адкрытымі, талерантнымі.

Для мяне асабіста вельмі важна, што пачынаю маю місію ў Менску і ў Беларусі напярэдадні 25-ай гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб Незалежнасці Беларусі. Праз некалькі дзён будзе гадавіна прызнання гэтай незалежнасці Польшчай. Польшча была першай краінай, якая ў 1991 годзе прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Мы ўсе свядомыя і добра ведаем, што ў цяперашні цяжкі і складаны час у міжнароднай палітыцы абарона суверэнітэту пачынаецца з абароны мовы, сваёй роднай культуры. Таму я перакананы, што Польскі інстытут у Менску надалей будзе працаваць па-беларуску: мы будзем выдаваць польскія кніжкі, прэзентаваць польскіх мастакоў і творцаў на беларускай мове.

Сёлета назіраецца інтэнсіфікацыя беларуска-польскіх кантактаў на высокім узроўні. У сакавіку адбыўся афіцыйны візіт міністра замежных спраў Польшчы, спадара Вітальда Вашчыкоўскага. Нядаўна быў візіт польскіх парламентарыяў. Ці Вы спадзеяцеся, што гэта неяк паспрыяе большай актыўнасці ўстаноў культуры Беларусі ў супрацы з Польскім інстытутам?

Пацяпленне ў палітычных дачыненнях паміж Польшчай і Беларуссю бачнае. Але варта таксама сказаць, што стан адносінаў у галіне культуры заўсёды быў лепшы, дзякуй Богу, чым стан палітычных дачыненняў. Культура і грамадскія адносіны – гэта вельмі плённыя абшары, і спадзяюся, што ўсім нам на карысць будзе таксама і паляпшэнне палітычных адносінаў.

Ёсць шмат акрэсленняў культуры. Можна сказаць, што найшырэйшае ўключае не толькі агульнапрынятае мастацтва, але і сацыяльны досвед развіцця грамадства, тыя грамадскія працэсы, якія адбываюцца ў Польшчы. Вашыя калегі, напрыклад, у Польскім інстытуце ў Кіеве акрамя фестываляў, канцэртаў, выстаў, перакладаў ладзяць розныя майстар-класы і адкрытыя лекцыі па такіх тэмах, як «Прадпрымальнасць», напрыклад, набліжаючы польскі досвед трансфармацыі і функцыянавання сучаснага польскага грамадства. Ці Вы плануеце пашыраць кірункі дзейнасці Польскага інстытуту таксама і ў гэтай галіне?

Трэба памятаць, што Інстытут не працуе ў пустэчы, ён заўсёды працуе з мясцовымі партнёрамі, з уладамі. І тут мусіць быць гатоўнасць з двух бакоў. Мы гатовыя і спадзяемся, што калі будуць партнёры, мы будзем развіваць сферы нашай дзейнасці.

Польскі інстытут актыўна прысутнічае ў культурнай прасторы беларускай сталіцы. Мы ведаем, што Вы дзейнічаеце таксама і ў беларускіх рэгіёнах. Ці плануеце пашырыць гэтую дзейнасць, каб польская культура, досвед, дасягненні навукі і веды пра Польшчу пашыраліся таксама і на далейшыя куточкі Беларусі?

Гэта не ёсць так, што дзейнасць Польскага інстытуту засяроджваецца на Менску. Я мяркую, што не больш за 50% нашых мерапрыемстваў адбываюцца ў беларускай сталіцы, астатнія – па ўсёй Беларусі, у абласных цэнтрах, меншых гарадах, мястэчках. Мы не сталіцацэнтрычныя і будзем старацца дзейнічаць так і далей.

Польская дзяржава, вядома, аказвае падтрыманне беларускай меншасці ў Польшчы. І адпаведна меншасць таксама робіць свой унёсак у агульнапольскую сучасную культуру. Ці Вы плануеце ў межах дзейнасці Інстытуту, расказваючы пра сучасную польскую культуру, наблізіць таксама і культурны даробак беларусаў Польшчы да беларускага гледача ў Беларусі?

Няма сучаснай польскай культуры без творцаў з Падляшша, сярод якіх мы маем шмат прадстаўнікоў беларускай меншасці. І я перакананы, што ёсць месца на прэзентацыю іх твораў у Беларусі і на прамоцыю Польшчы праз іх дзейнасць. Таму я думаю, што варта будзе пра гэта падумаць у межах нашых магчымасцяў.

Галоўная задача Польскага інстытуту ў Менску – пашырэнне ведаў пра дасягненні сучаснай культуры, навукі і адукацыі Польшчы. Польскі інстытут таксама арганізуе курсы ды падтрымлівае навучанне польскай мовы ў многіх установах Беларусі.

паводле racyja.com

Стужка навінаў