У Менск прыедзе грэчаскі «рэвізор»


Фота: AFP / Стаўрас Лямбрынідыс і Гілары Клінтан

Адмысловы прадстаўнік Еўразвязу ў пытаннях правоў чалавека Стаўрас Лямбрынідыс.

9-10 сакавіка ў Менску адбудзецца міжнародная канферэнцыя «Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў». На сайце беларускага МЗС паведамляецца, што 10 сакавіка ў ёй будзе браць удзел Стаўрас Лямбрынідыс. Арганізатар канферэнцыі – ПРААН (Праграма развіцця ААН) пры фінансавым падтрыманні амбасады Вялікай Брытаніі.

«Візіт адмысловага прадстаўніка ЕЗ у пытаннях правоў чалавека ўзнікла ўпершыню з мэтаю садзеяння далейшаму развіццю дыялогу аб правах чалавека паміж Беларуссю і Еўразвязам, які быў адноўлены ў ліпені 2015 года», – гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Спецпрадстаўнік ЕЗ правядзе шэраг сустрэчаў з дэпутатамі беларускага парламенту і прадстаўнікамі некалькіх міністэрстваў, адзначаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе.

Пасада спецпрадстаўніка ЕЗ у правах чалавека паўстала ў 2012 годзе. Ягонае асноўнае заданне – вонкавая рэпрэзентацыя палітыкі Еўразвязу ў галіне правоў чалавека. З 2012 года гэтую пасаду займае былы Міністр замежных справаў Грэцыі Стаўрас Лямбрынідыс.

У канферэнцыі таксама возьмуць удзел адмысловы спавяшчальнік Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня Камітэту замежных справаў Палаты дэпутатаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг,амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёўна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Варта адзначыць, што праваабарончы цэнтр «Вясна», які ня першы год займаецца пытаннем адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, не атрымаў запрашэння на гэтую канферэнцыю.

Прадстаўнік «Вясны» Валянцін Стэфановіч так пракаментаваў гэтую сітуацыю карэспандэнту радыё «Свабода»:

«Гэта працяг палітыкі МЗС, якое прынцыпова не запрашае нас на мерапрыемствы, якія ладзяцца пры іх удзеле, паколькі мы ня маем афіцыйнай рэгістрацыі… З аднаго боку, яны нас не рэгіструюць, а з іншага – не запрашаюць на розныя мерапрыемствы, бо мы не зарэгістраваныя. Але тое, што міжнародныя арганізацыі таксама фактычна падтрымліваюць такія падыходы падзелу арганізацыяў на «зарэгістраваныя» і «незарэгістраваныя», «дрэнныя» і «добрыя», – гэта нядобра для праваабарончага сектару, бо ствараецца селекцыя на «добрых» і «дрэнных», – мяркуе праваабаронца.

Нежаданне ПРААН запрасіць незарэгістраваную праваабарончую арганізацыю выклікала абурэнне некаторых беларускіх апазіцыянераў.

«Усе добра памятаюць скандал з фільмам беларускага рэжысёра Андрэя Курэйчыка, калі прадстаўніцтва ААН, якое мела правы на фільм, па сутнасці, наплявала на меркаванне і рэжысёра, і актораў, адцэнзураваўшы фільм на загад беларускіх уладаў. А зараз выяўлена, што фінансавыя сродкі прадстаўніцтва размяркоўваюцца закрыта невядомым фэйкавым арганізацыям, зарэгістраваным у Беларусі пад выглядам экалагічных. Вядома, што ў Беларусі зарэгістраваць грамадскую арганізацыю без санкцый з боку ўладаў ці згоды з боку КДБ практычна немагчыма», – абрынуўся з крытыкай на беларускае прадстаўніцтва ААН Віталь Рымашэўскі з незарэгістраванай партыі БХД.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў