У Менгарвыканкаме распавялі, што будзе з «Газпрам цэнтрам» і іншымі сталічнымі даўгабудамі


Які лёс чакае «Газпрам цэнтр», «Футурыс» ды «Магніт Менску»?

«Газпрам цэнтр»

Шматфункцыянальны комплекс на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава заяўлялі як самы амбіцыйны праект у сталіцы. У ім сярод іншых абʼектаў быў запланаваны сапраўдны хмарачос – 182-метровая вежа арыгінальнай формы павінная стаць офісам групы кампаніяў «Газпром».

Падрыхтоўчыя працы на пляцоўцы стартавалі ў 2014 годзе, затым пачаўся і асноўны перыяд. Па ўказе кіраўніка дзяржавы дабудаваць цэнтр павінны былі ў 2018-м. Аднак летась працы прыпынілі з-за праблемаў з фінансаваннем, а пазней абʼект закансервавалі.

І вось стала вядома, што будаўніцтва працягнецца ў пачатку 2018 года.

«Зараз завяршаецца працэдура выбару генпадраднай арганізацыі. Мяркуецца, што ў кастрычніку будзе вядома, каму трэба будзе дабудоўваць абʼект. Затым на працягу двух месяцаў пройдзе падрыхтоўчы перыяд. Мяркуецца, што ўзвядзенне «Газпрам цэнтру» працягне замежная кампанія, але на субпадраду змогуць працаваць і беларускія арганізацыі», – распавёў старшыня камітэту будаўніцтва і інвестыцыяў Менгарвыканкаму Дзмітрый Гурыненка.

Зараз рыхтуецца нарматыўна-прававы акт аб павелічэнні тэрмінаў будаўніцтва.

Бізнес-цэнтр «Футурыс»

Шматфункцыянальны комплекс размесціцца на няцотным баку праспекту Незалежнасці недалёка ад станцыі метро «Барысаўскі тракт». Ён будзе складацца з 26-павярховай вежы бізнес-цэнтру і трохпавярховага будынку-стылабату, дзе паводле праекту задуманы офіс VIP-класу, гандлёва-забаўляльны цэнтр, фітнес- і SPA-цэнтры, аддзяленне банка.

Абʼект пачынаў будаваць замежны інвестар, затым заказчыкам комплексу стала ТАА «Тапас». Даволі працяглы перыяд працы тут не вяліся з-за праблемаў з фінансаваннем. І вось, як паведамілі ў камітэце будаўніцтва і інвестыцый Менгарвыканкаму, адноўленыя крэдытная лінія і будаўніцтва «Футурыса». Асноўны абʼём сродкаў вылучаць у 2018 годзе. Каб завяршыць гэты буйны праект, спатрэбіцца, мабыць, некалькі гадоў.

«Novotel Менск»

Гэта сумесны праект кампаніі СТАА «Лада ОМСИнжениринг» і міжнароднага гасцінічнага аператара французскай кампаніі «ACCOR». На вуліцы Маякоўскага ў квартале «Чэрвеньскі парк» задуманы шматфункцыянальны комплекс, у складзе якога заяўленая гасцініца «Novotel», медычны цэнтр, басейн, фітнес-зала, гандлёвыя і офісныя памяшканні, казіно, рэстаран і бар.

Будаўніцтва стартавала ў 2013 годзе, але потым працэс спыніўся і быў прыпынены. Вядома, што заказчык уносіў змены ў праект (уключыў у яго склад медычны цэнтр, які першапачаткова не планаваўся), што запатрабавала часу. Зараз адкарэктаваны праект знаходзіцца на ўзгадненні ў «Дзяржбудэкспертыза». Як толькі дакументацыя атрымае адабрэнне гэтай структуры, можна прыступаць да працаў. Забудоўшчыку мусяць павялічыць нарматыўны тэрмін.

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Гулівер»

А вось лёс гэтага даўгабуду на вуліцы Прытыцкага, недалёка ад Лядовага Палаца, пакуль няясны. Як распавялі ў камітэце будаўніцтва і інвестыцыяў Менгарвыканкаму, на абʼект накладзены арышт судовымі выканаўцамі. Зацікаўленасці ў завяршэнні праекту замоўца не выказвае, бо ў гэтым выпадку яму прыйдзецца вяртаць ільготы і прэферэнцыі, прадастаўленыя пад узвядзенне комплексу, а гэта каля $ 2 млн. Вырашыць лёс даўгабуду рэальна толькі ў судовым парадку.

«Магніт Менску»

Яшчэ адзін знакавы недабудаваны абʼект размясціўся на праспекце Незалежнасці па суседстве з жылым комплексам «Маяк Менску».

«Магніт Менску» – гэта падковападобнае збудаванне, у адной частцы якога павінен размясціцца бізнес-цэнтр, у другой – гатэль, а ў падмурку паміж імі – 4-павярховы гандлёва-забаўляльны цэнтр. Будуе комплекс ЗТАА «Белпарс», даччынае прадпрыемства іранскай кампаніі «Кейсон». Тэрміны ўзвядзення неаднаразова падаўжаліся. А сам абʼект доўгі час быў закансерваваны.

«Зараз пайшло фінансаванне, працы аднаўляюцца, але не так актыўна, як хацелася б. Таму зразумела, што да канца 2018 года, як гэта прадугледжана ўказам кiраўнiка дзяржавы, абʼект дабудаваць не змогуць. Тэрміны прыйдзецца працягваць», – пракаментаваў Дзмітрый Гурыненка,

Зараз, па разліках кампаніі «Белпарс», гатовасць «Магніта Менску» складае 52%. Больш сціпла ацэньвае выкананыя абʼёмы камітэт будаўніцтва і інвестыцыяў Менгарвыканкаму і агучвае іншую лічбу – больш за 30%. Працы яшчэ шмат.

НМ, belsat.eu, паводле «Менск-Навіны»

Стужка навінаў