У Мексіцы адбыўся выбух на кірмашы феерверкаў. Прынамсі 31 загінулы


«Людзі беглі, а пасля пачалі падаць. З неба пачалі падаць кавалкі бетону і цэглы. Усё было ў агні, усё выбухала», – распавядаюць відавочцы пра інцыдэнт, які здарыўся 20 снежня на кірмашы Сан-Пабліто ў 30 кіламетрах ад Мехіка.

У момант выбуху на кірмашы знаходзілася каля двух тысячаў асобаў. Цяпер вядома пра 31 ахвяру, яшчэ 70 атрымалі раненні. Каля 13 дзяцей, якія атрымалі апёкі больш за 90% паверхні цела, адправілі ў Тэхас на лячэнне.

Пасля першага выбуху піратэхніка дэтанавала больш за гадзіну. Большая частка прылаўкаў і крамаў разбураная. Усё навокал пакрытае попелам і абломкамі.

Адной з верагодных прычынаў выбуху паліцыя лічыць недастатковыя захады бяспекі на рынку. Шмат жыхароў прыгараду зараблялі на вытворчасці піратэхнікі, і шмат хто рабіў яе ў падпольных майстэрнях. Паводле мясцовых СМІ, у час выбуху на рынку было 300 тонаў выбухоўкі.

На месцы працуюць ратавальнікі і следчыя, якія расследуюць катастрофу. Паводле мясцовых уладаў, колькасць ахвяр можа павялічыцца.

Прэзідэнт Мексікі Пенья Ньета ў твітэры выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых і паабяцаў пакараць вінаватых.

Сан-Пабліто – самы буйны і найбольш вядомы рынак феерверкаў у Мексіцы. Раней тут ужо здараліся выбухі – у 2005 і 2006 гадах.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў