У Мазыры распачалі будову дзесяціпавярховіка на месцы габрэйскіх могілак


Жыхары гораду, а таксама мазырскі краязнаўца распавялі, што думаюць пра будову «на касцях».

«Агарод мы капаем, там не адно пахаванне – там трохпавярховае, мусіць. Пузыркі, косці – невядома што. І так ва ўсім агародзе, гэта ж магільны пагорак быў», – кажа мясцовы жыхар Анатоль Мікіцін.

І сапраўды, на мапе Мазыра за 1847 год добра відаць, што могілкі на гэтым месцы былі. Раней «Белсат» распавядаў, што гэтую мапу знайшоў і дэманстраваў прадстаўнікам уладаў Мазыра прэзідэнт сусветнай арганізацыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман, што жыве ў Злучаных Штатах.

Нягледзячы на шматгадовую спрэчку аб тэрыторыі, дзе паўстане шматпавярховік, чыноўнікі Мазыра сцвярджаюць: межы могілак не вядомыя. У генеральным плане забудовы гораду ніякіх могілак на вуліцы Пушкіна ў Мазыры няма.

«У сістэме ЖКГ могілак па такіх адрасах няма. Мы там нічога не эксплуатуем», – сцвярджае Дзмітрый Мілер, намеснік генеральнага дырэктара «Мазырскага райжылкамгасу».

Мясцовыя ж жыхары дапускаюць, што наўрад ці каму захочацца купляць жытло на месцы, дзе былі могілкі.

«Тут энергетыка дрэнная, я б тут жыць не стаў», – кажа жыхар гораду.

Іншая жыхарка агучвае сваю пазіцыю:

«Я супраць, бо гэта памяць, для некаторых людзей гэта сувязь з продкамі».

На меркаванне краязнаўцы Алеся Фаміча, планы мазырскіх уладаў супярэчаць не толькі традыцыям, але і праву.

«У крымінальным кодэксе ў нас ёсць адказнасць за знявагу могілак, разумееце. У той жа час дзяржава могілкі руйнуе – як з крымінальным кодэксам гэта стасуецца? Яны ж калі руйнуюць могілкі, не перазахоўваюць парэшткі. Або ўкатваюць, дарогу на іх робяць, або, як у Курапатах, самазваламі ў балоты засыпаюць», – заўважае Алесь Фаміч.

Тым не менш, дзесяціпавярховы будынак плануюць здаць у эксплуатацыю налета ў сакавіку.

Чытайце таксама:

Марына Вашкевіч, Настасся Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў