У Мазыры будаўнікі просяць знізіць ім заробкі


Крызіс змушае да вынаходлівасці. Дзесьці скарачаюць працоўны тыдзень, а ў Мазыры пастанавілі скараціць заробкі.

«Усе падпісвалі і я падпісаў!»

Мазырскае ўпраўленне механізацыі № 58 – частка адкрытага акцыянернага таварыства «Палессебуд». Працаўнікі УМ-58 у жніўні атрымалі пад подпіс паведамленні пра добраахвотнае змяншэнне заробку.

«Чаго падпісалі (смяецца)? Усе падпісвалі і я падпісаў!»,

«Чытай, не будзеш падпісваць – будзеш звольнены і ўсё»,

– дзеляцца працаўнікі УМ-58 «Палессебуду».

Рабочыя УМ-58 адзначаюць, што нязгодных са змяншэннем заробку ад верасня ўжо звольнілі.

«У нашым падраздзяленні было пяць чалавек засталося два. Рабочых вельмі мала, па некалькі спецыяльнасцяў. Матарыст у нас і шыннік і… карацей куды пашлюць. Так і ўсе. Усе дзіркі затыкаюць і ўсё», – сведчыць на ўмовах ананімнасці супрацоўнік «Палсессебуду».

Кепска з працай і ў іншых структурах «Палессебуду»

«Мы ж фірма дзяржаўная. Нам дзяржава дае працу, мы працуем – у людзей ёсць заробак. Я ж сам не знайду гэтую працу, мне яе даюць – я працую. Ёсць абʼекты, ёсць абʼёмы – людзі маюць заробак. Няма абʼёмаў – няма працы», – тлумачыць начальнік участку Мазырскай ПМК-105 Мікалай Рацюк.

Паперы пра добраахвотнае змяншэнне заробку на подпіс працаўнікам УМ-58 выдавала старэйшы інспектар у кадрах Людміла Дзегцярэнка.

Што праўда, ні дырэктара на працоўным месцы не аказалася, ні ў кабінет да спадарыні Людмілы – старшыні прафсаюзнага камітэту прадпрыемства журналісты, вярнуўшыся, не трапілі. Дзверы былі замкнёныя. Праваабаронцы адзначаюць, што афіцыйныя прафсаюзы ў тым выглядзе, у якім існуюць сёння, не могуць дапамагчы працаўнікам, бо праблема – у заканадаўстве.

«Ранейшае працоўнае заканадаўства было больш на баку працоўнага. Сённяшняе цалкам пабудавана пад патрэбы наймальнікаў», – распавядае праваабаронца Леанід Судаленка.

Так што ў сённяшніх умовах кожны работнік сам мусіць вызначаць, наколькі важна яму захаваць працу са зменшаным заробкам. І сам ацэньваць, ці знойдзе іншае месца ва ўмовах татальнага беспрацоўя.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота – boris-mavlyutov.livejournal.com

Стужка навінаў